Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: гурты «Рокаш», «Здань» і Exist-M

Generation.by працягвае агляд гуртоў, якія сёлета паспрабуюць свае сілы ў змаганьні за галоўныя прызы конкурснай часткі фэстывалю «Басовішча» 16-17 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Інфармацыя, mp3, амбіцыі на перамогу – у чацьвертай тройцы гуртоў, чые заяўкі арганізатары фэсту прынялі на конкурс: «Рокаш», «Здань», Exist-M.

Кожны з гуртоў, чыю заяўку прынялі для разгляду ў межах конкурсу арганізатары Басовішча-2010, адказаў Generation.by на тры пытаньні: ці бываў на Басовішчы раней, якія спадзевы на ўдзел і ці даводзіцца рэдагаваць праграму адмыслова пад конкурс. Таксама дадаем агульную інфармацыю пра канкурсантаў, mp3 выкладаюцца са згоды выканаўцаў.

Рокаш

Менск / 2004 / нэафольк, рок / Дзеці паўночнага ветру (mp3)


Гурт «Рокаш» быў утвораны ў канцы 2004 году. Першапачаткова музыка гурта была арыентавана на акустычны мэдыевал-фольк, цяпер стыль гурта можна вызначыць як электрычны нэафольк-рок, які грунтуецца на сынтэзе мяккіх фолькавых мэлёдый, лірычнага жаночага вакалу і жорсткай хард-рокавай рытм сэкцыі. Разам з тым прысутнічаюць элемэнты такіх стыляў як фольк-мэтал, ска, прагрэсіў, даб і інш.

Канцэпцыяй творчасьці гурта «Рокаш» зьяўляецца спроба спалучэньня ўласнага разуменьня містычнай атмасфэры беларускай даўніны разам з найбольш актуальнымі сучаснымі музычнымі стылямі.

«Дагэтуль нам даводзілася ўдзельнічаць толькі ў адборачнай частцы да конкурсу Басовішча, аднак у фінальны адбор пакуль што не траплялі. Але ніколі ня позна паправіць гэтую прыкрую недарэчнасьць, на што мы і разьлічваем у гэты раз. Зрэшты, частка з нашых музыкаў прысутнічала на папярэдніх Басовішчах у якасьці гледачоў, а наш бубнач Аляксей Ефрэменка мае досьвед выступаў на фэсьце ў складзе такіх гуртоў як Tarpach i PartyZone. Зараз мы арыентуемся на максымум — на перамогу. Аднак гэта не зьяўляецца самамэтай — спадзяемся адарвацца па поўнай праграме, адчуць непаўторную рок-н-рольную атмасфэру Басовішча, ну і, зразумела, парадаваць слухачоў сваёй музыкай!»

Здань

Горадня / 2000 / альтэрнатыва, панк / Вецер (mp3)


Першыя творчыя крокі гурта адбыліся на пачатку 2000-х. Тады і зьявіўся першы, цалкам хатні альбом гурта: «Лісты з Гародні». І з гэтага часу пачаўся працэс трансфармаваньня музычнай канцэпцыі й бачаньня, які суправаджаўся адзінкавымі студыйнымі запісамі і вылазкамі ў «сьвет» нешматлікіх гарадзенскіх фэстаў. «За такі вялікі кавалак жыцьця назапасілася вялікая, не агучаная праграма, якая чакае на свой час», — распавядае вакаліст Уладзімір Крумін.

«На Басовішча з усіх нас езьдзіў толькі я — у 2008-м. Тады перамагла гарадзенская Tlusta Lusta, чым асабіста я быў вельмі задаволены. Уражаньні засталіся толькі самыя найлепшыя, таму што фэсты такога кшталту ў Беларусі не праходзілі і ўсё было нова й запамінальна.

Спадзевы на конкурс маем самыя аптымістычныя — інакш навошта тады ўдзельнічаць? На жаль, не атрымалася прадставіць журы песьні больш новыя, запісы іх мы пакуль не рабілі. Але, думаю, праграма, якую мы маем прадставіць жыўцом, будзе вельмі адрозная ад старой „Здані“, якая мела больш акустычнае гучаньне, бо зыходзіла з маіх бардаўскіх вычварэньняў:)»

Exist-M

Менск / 2005 / electronic, synth metalcore, modern-metal / Pears Up (mp3)


Гісторыя гурта пачалася ў 2005 годзе. Музычныя перавагі ўдзельнікаў гурта часткова не супадаюць, але ўсе яны адзіныя ў меркаваньні, што галоўнае, «каб музыка зносіла вежу, чапляла за душу і працінала да костак, была цяжкой і просталінейнай, каб тэксты прымушалі людзей задумвацца і рабіць сьвет навокал лепш».

У 2009 годзе Exist-M запісаў некалькі дэма-запісаў на ангельскай мове, якія ў хуткім часе ўвойдуць у дэбютны EP калектыву. У конкурсе Metalfront Music Awards’2009 гурт заняў 2-е месца ў намінацыі «Адкрыцьцё году». Exist-M сьпявае па-беларуску і па-ангельску, таму на сёньня падрыхтаваныя адразу дзьве праграмы выступу. Зь беларускамоўнай праграмай гурт плянуе заняць адно з прызавых месцаў на конкурсе «Басовішча-2010».

«Гурт некаторым можа спадабацца, некаторым — не, але тое, што ён шакіруе ўсіх — гэта факт!» — распавядае дырэктар гурта Exist-M Яўген Піліпчык, які быў на Басовішчах 2007, 2008, 2009 гадах у складзе аднаго з гуртоў-удзельнікаў, а ў мінулым годзе дапамагаў рабіць візы гледачам у гарадзенскім кансуляце.

«Уражаньні заўсёды заставаліся толькі добрыя, шыкоўная атмасфэра, цікавыя людзі, амаль што поўная свабода! Сапраўдны рок-н-рол! Але прадчуваю, што журы наўрадці абярэ нас пераможцамі, бо мы крыху агрэсіўныя для гэтага фэсту. Такі андэграўнд у андэграўндзе, мы цяжкія для ўспрыманьня, але мы ўмеем шакіраваць! Ужо робім песьню на словы Л. Геніюш — напэўна будзем рабіць невялічкае шоў, выглядаць на сцэне Басовішча „унылым г….м“ проста сорамна!»

Арганізатары фэстывалю — сябры «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у Польшчы — завершылі прыём заявак на конкурс «Басовішча-2010». Фінальную колькасьць прынятых заявак і агляд кожнага з гуртоў чакайце на Generation.by у бліжэйшыя дні

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту і агляд папярэдніх заявак — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.

tarka 11:40, 18/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.076 seconds.