Унівэрсытэты Эўразьвязу цяпер могуць абмяжоўваць колькасьць замежных студэнтаў
Эўрапейскі суд вырашыў, што ўнівэрсытэты ЭЗ маюць права ўсталёўваць абмежаваньні на колькасьць замежных студэнтаў, якія могуць быць прынятыя на навучаньне. Пакуль гэта рашэньне тычыцца толькі сфэры аховы здароўя.
Эўрапейскі суд, які знаходзіцца ў Люксэмбургу і вырашае спрэчныя пытаньні, што тычацца ўсяго Саюзу, пастанавіў дазволіць вышэйшым навучальным установам ЭЗ абмяжоўваць колькасьць студэнтаў-замежнікаў. Паводле ягонага рашэньня, дыскрымінацыя студэнтаў на падставе іх нацыянальнасьці недапушчальная, аднак рэгуляваць іх колькасьць можна, калі справа тычыцца аховы здароўя.
Справа трапіла ў вышэйшую судовую інстанцыю Эўразьвязу пасьля таго, як у франкамоўнай правінцыі Бэльгіі на некаторых вэтэрынарных і фізіятэрапэўтычных спэцыяльнасьцях былі ўсталяваныя абмежаваньні на набор студэнтаў з замежжа. Бэльгійскім унівэрсытэтам не дазвалялася набіраць больш за 30% такіх студэнтаў, у той момант як іх колькасьць на шэрагу мэдычных спэцыяльнасьцях складала да 75%. У асноўным тое былі грамадзяне суседняй Францыі.
Улады вырашылі ўвесьці студэнцкія квоты пасьля таго, як стаў бачны недахоп выпускнікоў-бэльгійцаў у гэтым раёне. Аднак падобныя праблемы маюцца і ў іншых чальцоў ЭЗ. Так, у Аўстрыі дзейнічаюць правілы, паводле якіх 75% месцаў на мэдычных спэцыяльнасьцях рэзэрвуюцца за выпускнікамі аўстрыйскіх школ, 20 адсоткаў — для выпускнікоў устаноў зь іншых краінаў ЭЗ, і толькі на 5% месцаў могуць прэтэндаваць неграмадзяне Эўрапейскага Зьвязу.
Паводле пастановы суду, квоты могуць уводзіцца толькі ў выпадку наяўнасьці «аб’ектыўных, дэталёва прааналізаваных і пацьверджаных аналітыкай фактаў», якія падмацоўваюцца вялікай рызыкай для сыстэмы аховы здароўя. Паводле меркаваньня аўстрыйскай прэсы, пытаньні адносна адпаведнасьці мясцовых абмежаваньняў эўрапейскім законам ня ўзьнікнуць.
Паводле EUobserver