Валасы ўратуюць Алябаму ад нафты
Па ўсім сьвеце пачаўся збор валасоў і поўсьці для дапамогі ў ратаваньні ад забруджваньня нафтай Мэксіканскага заліву. Навукоўцы высьветлілі, што валасы могуць выратаваць рэгіён ад экалягічнай катастрофы, таму ў зборныя пункты кожны дзень паступаюць сотні тонаў валасоў. Тым часам саму нашкодзіўшую нафтавую сьвірдлавіну плянуецца забіць мячамі для гольфу.
Фота The Huffington Post
Валасы і поўсьць набіваюцца ў нэйлёнавыя калготы і выкарыстоўваюцца як прамакаткі для збору густой нафты, якая выцякае ля ўзьбярэжжы штата Луізіяна са сьвідравіны, што выбухнула надоечы.
Па словах прадстаўніка дабрачыннай арганізацыі Matter of Trust, якая арганізавала збор валасяной сыравіны, у кампаніі ўдзельнічаюць 370 тысяч салёнаў па ўсім сьвеце. Па яго словах, валасы — надзвычай эфектыўны матэрыял для збору масьляністых рэчываў, у тым ліку нафты. Плошча паверхні кожнага валасянога фалікула вельмі вялікая, і да яе нафта вельмі добра «прыклейваецца».
Кожны дзень у зборныя пункты паступае больш за 200 тон валасоў і воўны. Зь іх фармуюцца адмысловыя «валасяныя каўбасы», альбо боны. Здатнасьць такіх бонаў усмоктваць нафту, выкладзеных уздоўж берагу, высока ацаніў адзін з буйнейшых вытворцаў бонаў.
Навукоўцы кажуць, што ўдзень у заліў выліваецца да тысячы тонаў нафты. Фота AP
Па словах прадстаўніка Matter of Trust, валасы і поўсьць дасылаюць з Францыі, Англіі, Іспаніі, Бразіліі, Аўстраліі, Канады і ЗША.
Тым часам прадстаўнікі нафтавай кампаніі ВР, якая арандавала патанулую плятформу, плянуюць яшчэ адну спробу заглушыць сьвідравіну, забіўшы яе мячамі для гольфу і аўтамабільнымі покрыўкамі.
Як сказаў кіраўнік аператыўнага ўпраўлення BP Даг Сатлз, так званы «сьмецьцевы залп» — адзін з варыянтаў дзеянняў; ранейшыя спробы заглушыць сьвідравіну посьпехам ня скончыліся.
Па ацэнках экспэртаў, зь дзіркі, утворанай былой плятформай, штодзень выліваецца да тысячы тонаў нафты. Сытуацыю, якая склалася ля ўзьбярэжжа ЗША ужо называюць буйнейшай экалягічнай катастрофай у гісторыі краіны.
Паводле BBC