Беларуская Земфіра на амэрыканскія грошы

Ці сарамлівы берасьцейскі рок у камэрнай абстаноўцы. У клюбе «Графіці» пачынаючыя берасьцейскія рокеры Prana далі першы ў жыцьці сольны канцэрт. Пры дэталёвым разглядзе высьветлілася, што без падтрымкі з далёкага замежжа тут не абышлося.

Prana

Prana — гэта «жыцьцё». На санскрыце. А ў сапраўдным жыцьці тое прыгожая філёляг з Берасьця з камандай гітарыстаў, клявішніка і бубнача.

Хаця галоўнага ўдзельніка калектыву на сцэне не пабачыш. «Lobo Tiggre», — прадстаўляецца лацінаамэрыканскага выгляду брунэт з дарагой камэрай у руках. «Пісьменьнік, але цяпер пішу пра эканоміку», — сьціпла распавядае аб сваёй працы Лоба, пагладжваючы па галаве дачку ўзросту пачатковай школы.

«І гэта мае інвэстыцыі», — кажа пра першы канцэрт Праны амэрыканец.

Prana

Лоба пазнаёміўся з вакалісткай гурту Кацяй Праневіч ў летніку ў Літве. «Пачуўшы яе, я афігеў», — кажа Лоба, які неадкладна ж вырашыў дапамагчы маладому беларускаму дараваньню. Так Prana трапіла на свой першы сольны канцэрт у Менск.

«Паколькі ў горадзе Берасьці ў нас ня так шмат клюбаў, мы вырашылі адразу скарыць Менск», — раскрывае свае няхітрыя пляны Каця — кранальная дваццацітрохгадовая дзяўчынка ў джынсах і аблягаючай цішотцы з шэрымі мішкамі на грудзях.

«Калі я ўпершыню»

«Я яшчэ ня вельмі ўмею камунікаваць з публікай, саромеюся троху», — шчырасьці салісткі не займаць. Філёлягу беларускай мовы, Каці заўжды падабалася Земфіра, «нешта там сабе напявала». Так і атрымалася спроба Земфіры па-берасьцейску.

«Живая вода превратилась в отраву», — тэксты Prana адпавядаюць усім канонам рускага року. І гурт ужо пасьпеў запісаць першы альбом такіх тэкстаў «Завтра новый день».

«Мы думаем, что не скоро, мы думаем, что всё впереди…» — а гэта ўжо для Леха Качыньскага.

А яшчэ Prana — гэта такая вельмі-вельмі важная штука ў ёзе. Мы дыхаем, і Прана напаўняе нашы целы. Як, напрыклад, вакал салісткі Akana-NHS Русі, што прыйшла падтрымаць Кацю.

Prana

«Я неабыякава стаўлюся да музыкі, і такіх людзей мне заўжды прыемна падтрымаць», — усьміхаецца Руся, і камэрная заля напаўняецца першымі акордамі акустычнай вэрсіі «Заенькі» няіснай ужо Індыгі. Руся дэманструе ўсе кантрасты свайго неверагоднага голасу, і канцэрт паступова ператвараецца ў бэнэфіс дзіўнай флейты сьпявачкі. Такіх, кажа Руся, у сьвеце толькі некалькі дзесяткаў.

Як кажа Вікіпэдыя, сучасная навука прану не прызнае. І дарэмна.

Болей фотаздымкаў з выступу гурта Prana ў Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.