Кожнаму студэнту – сваю сетку!
Амэрыканскія студэнты сьцьвердзілі сваё права будаваць бесправадныя сеткі дзе заўгодна.
Адміністрацыя амэрыканскага Тэхаскага ўнівэрсытэту ў Даласе была вымушаная саступіць студэнтам, якія арганізавалі інфармацыйную кампанію супраць яе дзеяньняў.
Як паведамляе выданьне Star-Telegram.com, прычынай спрэчкі стала наяўнасьць у інтэрнатах унівэрсытэту прыватных бесправадных сетак стандарта Wi-Fi.
Студэнты пачалі разгортваць на сваёй тэрыторыі кропкі доступу да Інтэрнэту, якія былі далучаныя да мясцовых камэрцыйных правайдэраў. У той жа час на гэтай тэрыторыі ёсьць унівэрсытэцкая сетка, якая таксама працуе ў стандарце Wi-Fi.
Шматлікія студэнты не жадаюць карыстацца ўнівэрсытэцкім доступам, аддаючы перавагу паслугам іншых правайдэраў. Для гэтага асобныя навучэнцы пачалі арганізоўваць лякальныя кабельныя падлучэньні.
Кіраўніцтва ВНУ прыйшло да высновы, што падобныя сеткі перашкаджаюць унівэрсытэцкім сеткам, і выдала загад, які забараняе падобную дзейнасьць. Аднак студэнты з загадам не пагадзіліся. Яны пачалі ў Інтэрнэце інфармацыйную кампанію, у якой не апошнюю ролю адыгралі так званыя "блогі" - інтэрнэт-дзёньнікі, вельмі папулярныя зараз сярод амэрыканскай моладзі.
Студэнты сьцьвярджалі, што адміністрацыя парушае іх права на выбар апэратара сувязі і іншыя дэмакратычныя правы і свабоды. Пад ціскам грамадзкасьці ўнівэрсытэцкая адміністрацыя была вымушаная скасаваць сваё патрабаваньне.