Зьбегчы ад фоціку за 2 сэкунды? Цяпер і ў Беларусі!

Простая задума аднаго крэатыўнага галяндца скарае сэрцы фотааматараў па ўсім сьвеце. 50-гадовы мастак і вэб-дызайнэр Gert Rietveld чатыры гады таму паставіў свой фотаздымач на таймэр, а сам ірвануў наперад — атрыманы здымак і распачаў сэрыю фота а-ля «сьпіна Рытвэлда». Цяпер у блогу вынаходніка болей сотні фотаздымкаў з ваколіцаў розных гарадоў і краінаў. Чым гэта крута і што можна «засьвяціць» толькі на такіх здымках, распавядае беларускі «адэпт дзьвюхсэкундных зьбегаў» Саша.


Гэрт Рытвэлд

Такое хобі зьявілася ў мастака ў 2006 годзе, калі ён прыдбаў маленькую лічбавую камэру. Пачаў вывучаць і спрабаваць, як можна выкарыстаць таймэр для здымкаў. Так і атрымаліся два першыя фота, дзе Рытвэлд нібыта зьбягае ад фоціку. З гэтага й панеслася! Цяпер фотааматар вядзе адмысловы блог пра свае ўцёкі ад камэры.

Нейкіх адмысловых месцаў для здымкаў дзядзька не шукае — проста носіць з сабой камэру ў кішэні і здымаецца па дарозе на працу, у краму ці дадому. Працэс займае ўсяго хвіліну — пакласьці здымач на нешта больш-менш плоскае: парэнчы, бардзюр, кантэйнэр для сьмецьця ці багажнік ровара, затым паставіць таймэр на 2 сэкунды, пабегчы, вярнуцца за камэрай — і гатова!


Уцёкі Гэрта Рытвэлда, здымкі зь ягонага флікру.

Незатратнае хобі прынесла Рытвэлду ня толькі задавальненьне, але й вядомасьць. Тут табе й мясцовае тэлебачаньне, і інтэрвію для выданьняў розных краінаў, і камэнты пад кожным новым здымкам у блогу. Сам Рытвэлд не разумее, чаго да яго такая ўвага і чым ён чапляе іншых, але па водгуках у камэнтах мяркуе, што людзей прыцягвае інтрыга — ні на водным здымку ня бачна твару аўтара здымкаў — толькі сьпіна.

Простая ідэя Рытвэлда пайшла ў сьвет — кожны ўладальнік маленькага лічбавіка можа далучыцца ў армію «ўцекачоў ад фоцікаў», зрабіўшы здымак і запампаваўшы яго на адпаведны канал у флікры (1 і 2).

Спакусіла такая ідэя і беларусаў. Саша ня толькі сам «уцякае ад свайго здымача» (на першым здымку якраз ён), але й агітуе далучацца іншых праз творчую ініцыятыву «Зьбегчы ад фоціку».

«Пра „зьбегі“ прачытаў неяк у газэцэ — ідэя спадабалася, вось і пабег! Задума цікавая перш за ўсё вынікам, бо ён заўсёды новы. Як яшчэ, калі не такімі зьбегамі, засьвяціць на фоціку свой азадак?!.. Таксама зацягвае сам працэс ці рэакцыя мінакоў: вось чувак ставіць фоцік, штосьці там хімічыць — і пачынае бегчы ад яго! Людзі нічога не разумеюць, таму, калі іхныя твары трапляюць на здымак, становіцца яшчэ больш цікава:) Плюс прыцягвае элемэнтарнасьць канцэпцыі — адкрываецца вялізарная прастора для крэатыву!»

«Фотаўцекачы» плянуюць сабраць самыя вясёлыя здымкі зь беларускіх «зьбегаў» ды выйсьці за межы Сеціва: арганізаваць паказ у адной з галерэй Менску. А каб ідэя выйшла на славу, прапануюць далучацца ўсім ахвотным. Як? Зафоткаць свае зьбегі, закінуць здымак (-кі) у нэт арыгінальным памерам, дадаць цікавы камэнтар да фота, свае кантакты, ды закінуць у суполку, альбо проста даслаць усё на zbieh@tut.by.


Першатравеньскія ўцёкі ля Інстытуту Культуры by tarka. За пару хвілінаў удалося зьбянтэжыць дзьве кампаніі і аднаго пажарніка!

Каб адчуць на сабе новую фотазабаву, я таксама вырашыла разок «зьбегчы ад фоціку». Працэс рэальна дастаўляе! Але ўся пікантнасьць забавы асяніла мяне недзе паміж першай і другой сэкундай забегу — пасьпець бы вярнуцца за ўласным здымачом, а то ахвотных у людным месцы хапае — адрэналін так і прэ.

«Каб ніхто ня стырыў? — супакойвае мяне пасьля экспэрымэнту Саша. — Усё проста: калі ад фоціку я зьбягаю за дзьве сэкунды, то назад да здымача — за адну!»

tarka 11:30, 03/05/2010 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.