Гурт «Termin X» выпусьціў дэбютны альбом

Менскі гурт Termin X выклаў у Сеціва дэбютны альбом «Што дае нам магчымасьць дыхаць». Пасьля свайго сынгла «Закрэсьлі сваё імя», выдадзенага яшчэ ў 2007 годзе, і ўдзелу ў фэстывалі «Басовішча», гурт Termin X зьнік з поля зроку аматараў музыкі больш чым на два гады. Увесь гэты час музыкі займаліся запісам паўнавартаснага альбому і будаўніцтвам сваёй уласнай студыі.

У альбом «Што дае нам магчымасьць дыхаць» ўвайшлі 13 кампазыцый, напісаныя яшчэ ў пэрыяд з 2005 па 2007 гады.

«Для музыкі зараз гэта вельмі доўгі тэрмін, бо кожны год зьмяняюцца тэндэнцыі, зьяўляюцца новыя стылі, — кажа вакаліст гурта Кірыл Домніч. — Мы як, напэўна, і ўсе музыкі, нешта прыдумваем і знаходзімся пад уражаньнем ад бягучай моды, але для альбома выбралі ўжо дастаткова старыя трэкі».

Альбом атрымаўся маналітным як у музычным, так і ў сэнсавым пляне. Старыя песьні былі перазапісаныя і крыху дапрацаваныя, каб больш адпавядаць настрою дыска.

«Нам падабаецца задаваць пытаньні, заклікаць слухача да дыялёгу. „Што дае нам магчымасьць дыхаць“ — гэта і пытаньне, і сьцьвярджэньне, — тлумачыць мэсыдж альбому Кірыл. — Гэта наша асэнсаваньне кавалачкаў, з якіх зьлеплена жыцьцё: каханьне, сяброўства, грамадзтва, надзеі на будучыню, жарсьць, непрадказальнасьць пачуцьцяў і ліній лёсу. Гэта развагі пра ўсе тыя рэчы, якія надзяляюць сэнсам існаваньне і прымушаюць нас дыхаць».

У запісе альбому, акрамя музыкаў гурта, прымалі ўдзел хор «Тоніка» («Апошні дзень») і беларускі рэпэр Кроў (гурт «Чырвоным па Белым») («Не спыню ніколі»). «Жывая» прэзэнтацыя дыска адбудзецца ў бліжэйшы месяц, а пакуль Termin X рыхтуюцца да здымак свайго першага відэа.

Альбом «Што дае нам магчымасьць дыхаць» гурта Termin X можна спампаваць на адмысловай старонцы на сайце Ultra-Music.

Slaver 10:00, 27/04/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.