20-гадовай дзяўчыне суд забараніў хадзіць у бар

Брытанскі суд забараніў 20-гадовай Лоры Хол наведваць пабы на тэрыторыі Англіі і Валіі, піць алькаголь на вуліцы, а таксама купляць выпіўку ў клюбах і крамах.

Забарона, якая будзе дзейнічаць два гады, накладзеная, паколькі жыхарку гораду Брамсгроў у ангельскім графстве Вустэршыр да гэтага неаднаразова арыштоўвалі за п’яны дэбош.

Мясцовыя пабы ўжо і так перасталі яе пускаць, аднак цяпер такія меры падмацаваныя рашэньнем суду.

Магчыма, Хол стала першым у гісторыі чалавекам, у дачыненьні да якога прымененая новая заканадаўчая норма, паводле якой брытанцам могуць забараняць наведваньне піцейных устаноў, ды й увогуле набыцьцё алькаголю, калі яны кепска сябе паводзяць.

Зрэшты, карныя меры за парушэньне гэтага рашэньня будуць адносна мяккімі: ігнараваньне забароны пагражае не турэмным зьняволеньнем, а штрафам.

Брытанская паліцыя лічыць, што рашэньне суду дае брытанке шанец узяць сябе ў рукі.

«Мы вырашылі прымяніць гэты новы закон, каб справіцца з супрацьзаконнымі паводзінамі Лоры, — сказаў прадстаўнік мясцовай паліцыі Дэвід Роберц. — Мы вельмі спадзяемся, што яна ня будзе расцэньваць гэта як пакараньне, а выкарыстае сытуацыю, каб прывесьці сваё жыцьцё ў парадак».

Калі Лора Хол будзе наведваць спэцыяльныя курсы для алькаголікаў і выканае ўсе ўмовы судовага рашэньня, забарона можа быць зьнятая ўжо праз год.

Брытанскія ўлады абяцаюць, што судовая забарона на наведваньне пабаў і набыцьцё выпіўкі ня будзе прымяняцца ў дачыненьні псыхічна хворых людзей і тых, хто мае залежнасьць ад наркотыкаў або алькаголю.

Паводле BBC

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.379 seconds.