«Punk-Funk» — гурт «Дядюшкин сон» выдаў дэбютны альбом

Беларускі музычны праект «Дядюшкин сон» зьяўляецца бліскучым вынікам ужо амаль дзесяцігадовага супрацоўніцтва трох музыкантаў — гітарыста, басіста і бубнача. Зь вясёлых хлопцаў, што брынкаюць бадзёрыя поп-рокавыя мэлёдыі, яны паступова эвалюцыянавалі ў калярытных фанк-пэрсанажаў сталічнай андэграўнднай сцэны.

З тых часоў як тры гады таму яны «бахнулі» свой першы канцэрт, абазваўшыся імем адной з аповесьцяў вялікага расейскага пісьменьніка Дастаеўскага, канцэртная дзейнасьць каманды разьвівалася па самай бурнай праграме. Іх фірмовае «трум-пум-пум» ня раз гучала ў «Гудвіне», «Графіці», «Рэактары», «BRONX’е». І вось нарэшце яны матэрыялізавалі сваю творчасьць у сур’ёзны (і ня вельмі) цэласны, яркі першы альбом!

Ён гульліва называецца «Punk-Funk», і ў ім насамрэч — і панк, і фанк, і мэлядычныя цытаты зь Леньні Кравіца, але больш за ўсё той музыкі, якая ня мае назову й не трывае азначэньняў. Толькі гэтыя трое ведаюць, адкуль яна бярэцца, і ні за што не пагодзяцца пра гэта распавесьці. Менавіта таму іх лёгкія інструмэнтальныя матывы зь мяўкаючымі гітарамі, мудрагелістымі барабаннымі рытмамі і харызматычным басам складана зблытаць зь іншымі.

Прыемна слухаць як у плэеры, так і на вялізных калёнках. Ідэальна — як у якасьці музычнага аздабленьня вясёлай хатняй паці, так і для ненавязьлівага фону для жывых стасункаў. Спрыяе страваваньню, роздумам, дапамагае ў пошуку сэнсу жыцьця, разьвівае вобразнае мысьленьне і пачуцьцё рытму. Слухаць усім!

Пяць песень з альбому можа бясплатна спампаваць з сайту гурта: unclesdream.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.