Ініцыятыва па адмове ад завочнай адукацыі не знайшла падтрымкі ва ўрадзе

Міністэрства адукацыі не зьбіраецца адмаўляцца ад завочнай формы навучаньня. Але дыскусія аб адыходзе ад завочнай, распачатай дэпутатам Уладзімерам Здановічам, працягваецца.


Уладзімір Здановіч. Фота БелТА

Напачатку вясны старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў па адукацыі Ўладзімір Здановіч чарговы раз заявіў, што ад завочнай формы адукацыі варта пазбаўляцца. Галоўны аргумэнт — узровень ведаў завочнікаў саступае ўзроўню студэнтаў вочных аддзяленьняў.

«Вядома ж, пакуль што размова не ідзе аб поўнай адмене завочнай формы адукацыі, але і тое масавае распаўсюджваньне, якое яна мае цяпер, трэба скарачаць», — сказаў тады Здановіч.

Але Мінадукацыі вырашыла, што скарачаць набор на завочныя месцы ня будзе. «Усё адрэгулюе рынак», — так камэнтуе дэпутат адсутнасьць жаданьня беларускіх чыноўнікаў пазбаўляцца ад завочнай адукацыі.

Але як адзначае ў сваім блогу дацэнт БНТУ Аляксандр Кавалёў, з гэтага году Міністэрства адукацыі будзе «даводзіць» да ўнівэрсытэтаў ня толькі пляны па набору на бюджэтныя і платныя месцы вочных аддзяленьняў, але і лічбы на набору на завочнае. Раней такога не было.

«З пункту гледжаньня рынка ўзьнікае парадаксальная сытуацыя», — піша спадар Кавалёў.

Уладзімер Здановіч спасылаецца на прыклады «вядучых ВНУ Расеі, дзе прыём на завочную форму скарачаюць, а ў пэрспэктыве і наогул хочуць ад яе адмовіцца». Але як нядаўна адзначыў міністар адукацыі Расеі, у гэтай краіне ў хуткім часе колькасьць студэнтаў з-за дэмаграфічных праблем скароціцца зь цяперашніх 7.5 да 5.5 мільёнаў чалавек.

Дэмаграфічны чыньнік, на думку былога прарэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Уладзімера Дунаева, грае істотную ролю і ў Беларусі:

«Дэмаграфічныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне і вядуць да дэпапуляцыі, пазбаўляюць вышэйшую школу значнай часткі студэнтаў, — кажа Уладзімір Дунаеў. — Адукацыйны працэс неабходна перабудоўваць: альбо рабіць акцэнт на масавым прыцягненьні замежных студэнтаў, што сёньня з-за неканкурэнтаздольнасьці беларускага дыплёму наўрад ці магчыма, альбо разьвіваць формы адукацыі для дарослых, дзе разнавіднасьці завочнай і дыстанцыйнай адукацыі будуць вельмі запатрабаваныя».


Аб дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі ведаюць няшмат. Фота Итоги

Магчымай заменай завочнай адукацыі можа стаць дыстанцыйная форма, якая ў Беларусі пасьпяхова выкарыстоўваецца толькі ў БДУІРы. Яшчэ ў 2005 годзе колькасьць студэнтаў дыстанцыйнай формы навучаньня ў сьвеце перавысіла колькасьць тых, хто навучаўся вочна.

У Эўрапейскім Зьвязе колькасьць студэнтаў такой формы навучаньня складае каля 30%, у Расеі — да 3%. У Беларусі дыстанцыйна навучаюцца менш за 1% студэнтаў, у той час як на завочнай 237 тысяч чалавек — амаль кожны другі студэнт.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.