22 красавіка дабрачынны «Добры фэст»

Зь ініцыятывы гурта IQ48 22 красавіка ў менскім «Рэактары» пройдзе дабрачынны канцэрт пад назвай «Добры Фэст». У імпрэзе возьмуць удзел гурты IQ48, Neuro Dubel, B:N, ZM99 (Зьмяя) і Алег Хаменка (гурт «Палац»). Арганізатары і ініцыятары канцэрту зьвяртаюцца да публікі з заклікам «Будзьма беларусамі! Будзьма міласэрнымі!». Сродкі ад мерапрыемства пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Чэрвеньскага дома-інтэрната.

Фэст ладзіцца агульнымі намаганьнямі грамадзкай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», гурта IQ48 і мясцовага дабрачыннага фонду «Добра тут».

Яўген Бузоўскі, удзельнік Q48: «Мы часта не заўважаем, наколькі мы шчасьлівыя, што ў нас ёсьць здароўе, моцнае цела і здаровы дух. І мы не задумваемся аб тым, што побач з намі ёсьць дзеці і дарослыя, якія ня маюць, здавалася б, самай звычайнай для нас магчымасьці — выйсьці на вуліцу і прагуляцца сваімі нагамі, сваёй рукой узяць з паліцы цацку, самому скарыстацца лыжкай… А мы ж маем рэальную магчымасьць дапамагчы тым, хто гэтага ня можа зрабіць, каму недаступныя простыя радасьці жыцьця. Таму мы запрашаем вас на наш дабрачынны канцэрт: такім чынам вы зможаце паўдзельнічаць у лёсах дзяцей, якія ў гэтым маюць патрэбу».

Музыкі і кампанія «Будзьма беларусамі» вырашылі правесьці дадзеную акцыю разам з фондам «Добра тут» невыпадкова. Фонд зьяўляецца ірляндзкім прадстаўніцтвам дабрачыннай арганізацыі «Burren Chernobyl Project», якая займаецца дабрачыннай дзейнасьцю менавіта ў дачыненьні да дзяцей і дарослых з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Дабрыня і чуласьць ірляндзкіх валянтэраў, якія прыяжджаюць займацца зь беларускімі дзецьмі-інвалідамі ў мясцовыя інтэрнаты, не пакінула музыкаў і кампанію абыякавымі.

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі»: «Мы адразу адгукнуліся на ініцыятыву гурта ІQ48. Правядзеньне гэтай акцыі надае новы акцэнт нашай кампаніі, быць беларусам — гэта ня толькі ганарыцца сваёй краінай, культурай, гісторыяй, гэта яшчэ значыць быць адказным, быць міласэрным. Добры Фэст — не звычайны рок-канцэрт. Па-першае, таму што ў адным месцы мы ўбачым адразу некалькі вядомых калектываў розных музычных напрамкаў, па-другое, без прыемных сюрпрызаў тут не абыдзецца».

Кожны глядач зможа выкарыстаць магчымасьць і зрабіць падарункі дзецям: прынесьці цацкі, фарбы, альбомы для маляваньня і іншае.

Фэст пройдзе пры інфармацыйнай падтрымцы NETradio.by, дзе таксама будзе наладжаная on-line трансьляцыя ў Інтэрнэце на www.netradio.by/live. Пачатак уканцэрту, а 18.00. Кантактныя тэлефоны: 8 029 671 58 65, 8 029 254 49 09.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.