У «Рэактары» кідаліся апэльсінамі: музычнымі і ня толькі

Дэма-фэст «Музычны апэльсін» у трэці раз прайшоў у Менску 8 красавіка. Сем гадзінаў рознастылёвай музыкі ў клюбе «Рэактар», тэатральныя шоў, мора апэльсінаў і прызоў удзельнікам і гледачам ад «Пан-студыі» — насычаны вечар у вялікім фотарэпартажы Generation.bY.

Фэстываль мусіў адбыцца яшчэ да новага году — у сьнежні 2009-га, але стаў «ахвяраю сьвінога грыпу», эпідэмія якога доўга трымала беларусаў у напрузе. Тады арганізатары перастрахаваліся за здароўе публікі і перанесьлі фэст на красавік. І мелі рацыю: вясна і насычаная праграма прыцягнулі ў «Рэактар» найбольшую колькасьць гледачоў з гісторыі папярэдніх «музычных апэльсінаў». А незвычайныя тэатральныя шоў надалі інтрыгі й адметнасьці фэсту.

Прыглушанае сьвятло, на сцэне музыкі ў тэатральных масках, на танцпляцы шаман з бубнам — пакуль зачараваная публіка зацікаўлена падцягвалася да сцэны, з другога паверху літаральна на галовы гледачам пачалі спускацца, скакаць і падаць іншыя ўдзельнікі шоў на хадулях. І ўсё гэта ўперамешку зь няспынным градам апэльсінаў, якія, здавалася, лятуць адусюль. Відовішчны пачатак забясьпечваў плястычны тэатар InZhest. Фэст пачаўся!

Вядучыя не стамляліся прадстаўляць усё новыя каманды і раздаваць гледачам апэльсіны зь бяздонных скрыняў, дарыць гуртам прызы й дыплёмы ад арганізатараў фэсту — «Пан-студыі» — і шматлікіх партнэраў фэсту.

Акрылены нядаўнімі выступамі ва Ўкраіне Лёня Паўлёнак прадставіў адразу некалькі сваіх праектаў — «Нагуаль» і «Маланка electromix». «Akana NHS» экспэрымэнтавала зь песьнямі жыхароў швайцарскіх альпаў. Сапраўдным сюрпрызам стаўся выступ наваградзкіх мэталістаў «Metalgues» — удзельнікам гурта ад 12 да 15 год! У праграме фэсту сёлета быў і «імпартны» гурт — «Область сердца» з Масквы. «Naka», «Morfe acoustic band», тэатар сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I., «Босае сонца», «Dali» ды іншыя — у вялікім фотарэпартажы Generation.bY з «Музычнага апэльсіну»-2010.

tarka 15:00, 09/04/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0548 seconds.