«Музычны апэльсін» стаў ахвяраю сьвінога грыпу

Дэма-фэстываль «шчырай музыкі «Музычны апельсін» адменены за два тыдні да заплянаванага пачатку. Арганізатары турбуюцца за здароўе публікі, таму фэст пройдзе ўвесну, калі, як спадзяюцца прадусары, сьвіны грып адступіць.

«Мы яшчэ хочам пажыць», — прызнаўся Generation.bY адзін з арганізатараў фэсту Дзьмітры Саладуха. Па яго словах, прадусарскі цэнтр ПАН-студыя, які ўжо трэці год запар займаецца «Музычным апельсінам», «ня хоча рызыкаваць здароўем гледачоў і выканаўцаў». Таму фэст вырашана перанесьці з пачатку сьнежня на красавік наступнага году.


Нямая сцэна: музыкі, якія мусілі граць на фэсьце, у момант абвяшчэньня інфармацыі аб яго пераносе.

«Рашэньне аб адмене фэсту было прынятае толькі сёньня», — кажа спадара Саладуха. Таму некаторыя музыкі, якія мусілі выступіць на канцэрце, даведаліся аб адмене адначасова з журналістамі.


«Фэст адменены», — не жартуе Дзьмітры Саладуха. Удзельніцам мінулага «Музычнага апэльсіну» з гурту «Akana» застаецца толькі ўсьміхацца.

ПАН-студыя заклікае публіку заставацца дома і берагчы арганізм. Замест канцэрту студыя прапануе гледачам атрымліваць асалоду ад новай перадачы, якую цэнтар хутка запусьціць на канале MTV. Перадача будзе прасьвечаная актуальнай беларускай музыцы і культуры, а вядоўцам яе стане сьпявак Сяргей Пукст.

Арганізатары запэўніваюць, што ўсе квіткі, прададзеныя на «Музычны апельсін», могуць быць абмененыя альбо выкарыстаныя ўвесну. Плянуецца, што фэст адбудзецца 8–9 красавіка ў клюбе «Рэактар».

Фота Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.