На акцыі “Шэсьце бяздомных студэнтаў” затрыманыя тры чалавекі

16 верасьня ў 17:40, на акцыі Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) затрыманыя тры чалавекі. Каля корпусу фізычнага факультэту БДУ міліцыянты спынілі каля 30 студэнтаў, што ішлі з прасьцінамі, рондлямі, кіпяцільнікамі і іншымі рэчамі, што сымбалізуюць студэнцкі інтэрнат. Наперадзе студэнты несьлі раскладушку з надпісам “Хутка зіма, а дому няма...”. Каля пятнаццаці міліцыянтаў накінуліся на студэнтаў, што несьлі раскладушку. Прычынаў затрыманьня не патлумачылі.

Затрыманым (Сяржук Семянюк, Юра Сідун, Алесь Васілеўскі) у 21:00 прад’яўлена абвінавачваньне ў парушэньні артыкула №166 Адміністратыўнага кодэксу – супраціўленьне пры затрыманьні. Сёньня, 17 верасьня а 10:00 адбудзецца суд па адрасе вул. Грушаўская 9.

Пасьля затрыманьня студэнтаў акцыя працягнулася ля галоўнага корпуса БДУ (пр-т Скарыны 4). З БДУ выйшаў супрацоўнік адміністрацыі, які запатрабаваў даць сьпіс студэнтаў БДУ, што ўдзельнічаюць у акцыі. Безумоўна, ніякіх сьпісаў ён не атрымаў. Пасьля студэнты рушылі праз Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт да Міністэрства адукацыі (вул. Савецкая 9). Але каля БДПУ удзельнікаў акцыі зноўку спынілі міліцыянты, якія пачалі пагражаць затрыманьнем усім студэнтам, што трымаюць у рукох рондлі, падушкі ды проста заплечнікі. Міліцыянт адмовіўся лягічна і на падставе закону патлумачыць, чаму па вуліцы забаронена ісьці з рондлем і прасьцінай у рукох. Каля 18:00 акцыя скончылася ля БДПУ. Міліцыянты на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Іванавічам Крукавым суправаджалі “бяздомных” студэнтаў да самага аўтобуснага прыпынку.

Акцыя мела на мэце зьвярнуць увагу грамадзкасьці на праблему студэнтаў і інтэрнатаў. Улады краіны робяць прыгожыя заявы з экранаў тэлевізараў пра штогадовае павелічэньне колькасьці студэнтаў зь сельскай мясцовасьці. Пры гэтым нічога ня робіцца, каб забясьпечыць іх жыльлём на час навучаньня. Студэнтаў высяляюць зь інтэрнатаў па разнастайных і неаб’ектыўных прычынах. У многіх ВНУ першакурсьнікам сёлета увогуле не прадастаўляецца інтэрнат. Безпадстаўнае затрыманьне студэнтаў на акцыі “Шэсьце бяздомных студэнтаў” – яркае сьведчаньне стаўленьня ўладаў да вырашэньня праблемаў незадаволеных студэнтаў.

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў будзе працягваць змаганьне за правы студэнтаў нягледзячы ні на якія перашкоды. 17 верасьня ў 9:45 ля будынку Маскоўскага РАУС, па адрасе вул. Грушаўская 9, дзе адбудзецца суд, зьбіраюцца сябры ЗБС, каб падтрымаць затрыманых на акцыі студэнтаў.

@ptymist 00:00, 17/09/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3253 seconds.