Як вывучыць ангельскую мову?

Беларуская дзяржава ўзялася за мову. Замежную. Ужо праз два гады ўсе выпускнікі школ будуць здаваць абавязковы вусны іспыт па замежнай мове. Generation.bY прабраўся на спаборніцтва лепшых маладых знаўцаў ангельскай, каб высьветліць, што ўсё ж рабіць з ангельскай і як і дзе цяпер вучыць інгліш?

Прыгожыя, добра апранутыя маладыя людзі ўсьміхаючыся выходзяць да пэйзажу Томаса Баркера ў вялікай залі верхняга паверху брытанскай амбасады і з выдатным акцэнтам прамаўляюць уласны пяціхвілінны тэкст пра будучыню і мінулае. Перад вамі дзесятак лепшых маладых ангельскамоўных прамоўцаў, што сёлета былі адабраныя са 150 прэтэндэнтаў для ўдзелу ў штогадовым спаборніцтве аратарскага майстэрства Саюзу англамоўных (ESU).


Кацярына Батурына перамагла на конкурсе і адправіцца ў траўні ў Лёндан

Спаборніцтва праводзіцца чацьвёрты раз, і дапускаюцца да яго старшаклясьнікі альбо студэнты, якім няма яшчэ 20 гадоў. У мінулым годзе мы падрабязна асьвятлілі яго фінал.

Пасьля кожнай прамовы нядаўна прызначаная амбасадарка Злучанага Каралеўства Розмары Томас, якая ўзначальвае журы конкурсу, спагадліва пляскае ў далоні, выбіраючы двух лепшых прамоўцаў, што адправяцца ў Лёндан змагацца з астатнімі фіналістамі з усяго сьвету.

«Ангельская — гэта будучыня», — паўтарае амбасадарка вядомую кожнаму ісьціну.

Ангельшчына на беларушчыне

Хаця ангельская мова даўна не зьяўляецца эксклюзіўнай уласнасьцю Англіі. Шырокавядомы выпадак, калі Ян Павал ІІ у час візыту ў Іеўрасалім зьвяртаўся ў прамове да хрысьціянаў, мусульман і іудзеяў не на латыні, арабскай ці габрэйскай мовах. Ён прамаўляў па-ангельску, што было ўспрынята як натуральная зьява: ну ні па-польску ж сапраўды казаць.

Але калі б Яну Паўлу пашчасьціла трапіць на беларускія землі, альтэрнатыва родным мовам мясцовага насельніцтва ў яго наўрад ці б знайшлася.

Часы, калі ў менскім ЭГУ тусаваліся крутыя замежныя выкладчыкі, што чыталі свае лекцыі, вядома, не па-расейску і зьдзіўляліся ўзроўню валоданьня інглішам мясцовых студэнтаў, мінулі. Цяпер эгушнікі слухаюць прафэсараў у Вільні, а сярэдні беларускі студэнт ведае ангельскую прыкладна на ўзроўні нашых усходніх суседзяў. Вось і дзівіцца тая нешматлікая беларуская моладзь, у якой атрымліваецца трапіць у Эўразьвяз, здольнасьці 4 з 5 швэдаў падтрымліваць размову на ангельскай.

«Ёсьць часткі беларускага грамадзтва, дзе ўзровень ангельскай вельмі высокі: гэта, зразумела, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальны банк, напрыклад, — кажа амбасадарка Розмары. — Але калі дзяржава думае аб разьвіцьці турызму, то мне здаецца, што ў грамадзкіх месцах, на транспарце, у музэях недастатковая колькасьць англамоўных».

Спадарыня Томас даволі доўга працавала ва Ўкраіне, і таму ўзровень яе рускай дазваляе ня мець ніякіх праблем у зносінах зь беларускім грамадзтвам. Чаго ня скажаш пра іншых брытанцаў, што менш знаёмыя зь лінгвістычнымі асаблівасьцямі краіны:

«Для мяне праблем няма, — пераходзіць амбасадарка на нядрэнную рускую. — Але для некаторых маіх калег [якія ня ведаюць рускай мовы], гэта канешне вялікая праблема».


Амбасадарка Розмары Томас ня мае ў Беларусі лінгвістычных праблем, бо добра вывучыла расейскую

«Наколькі мне вядома, ўрад мае на мэце павялічэньне колькасьці людзей, якія ведаюць ангельскую. Як сказала адна з судзьдзяў [спаборніцтва], ангельская — мова, што дазваляе пераадолець любыя перашкоды».

Але пакуль перашкоды лепш атрымліваецца пераадольваць у тых жа ўкраінцаў: там, на думку спадарыні Томас, узровень валоданьня гэтай мовай усё ж вышэйшы.

Do you speak English? — Канешне, хачу

Пасьля нядаўніх скандалаў, якія выявілі вельмі нізкі ўзровень мовы ў топ-мэнэджэраў дзяржпрадпрыемстваў, беларускі ўрад вырашыў падвучыць грамадзян замежнай. І ўзяўся ў першую чаргу за школьнікаў.

«Гэтага патрабуе наша эканоміка і сучаснае разьвіцьцё ўсёй сусьветнай супольнасьці», — сказаў міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў і абвясьціў, што ўжо ў 2011/2012 навучальным годзе адзінаццаціклясьнікі будуць здаваць абавязковы выпускны іспыт па ангельскай.

Перад гэтым мінадукацыі не забылася скараціць колькасьць школьных гадзін замежнай мовы да двух у тыдзень, а пачатак вывучэньня мовы перанесьці на трэці кляс. Такім чынам, у беларускіх школьнікаў засталося толькі 2 гады на тое, каб вывучыць замежную мову. Ці пасьпеюць?

Паводле іміграцыйных стандартаў ЗША, працягласьць моўных курсаў для выхадцаў зь Беларусі складае 44 тыдні. Для параўнаньня, партугальцам і французам на тое, каб вывучыць ангельскую, патрэбныя 24 тыдні, а японцам і карэйцам увогуле 88.

Паводле арганізатаркі аратарскага спаборніцтва і старшыні беларускага Саюзу англамоўных Тацяны Любімавай, школьнікі, нягледзячы на незадаволенасьць бацькоў, пасьпеюць вывучыць замежную.

«Адмена вуснага іспыту была памылкаю, — кажа Тацяна, якая яшчэ і ў БДУ выкладае ангельскую. — Тое, што зараз у нас няма вуснага іспыту, а існуе толькі пісьмовы, уплывае на ўзровень вуснай мовы. Таму я лічу, што іспыт неабходны».

Анастасія, якая вучыцца ў 11 клясе сярэдняй барысаўскай школы, на фінале спаборніцтва англамоўных выступала з прамовай на загадкавую тэму «няясная крэатыўнасьць». Але ў пытаньнях вывучэньня моваў крэатыўнасьць ня самае галоўнае — тут патрэбная элемэнтарная зубрэньне і, пас словах Анастасіі, як мага больш зносінаў з носьбітамі. Год таму ёй пашанцавала трапіць у праграму абмену з лёнданскай школы, дзе яна сутыкнулася з аспэктамі знакамітай заходнеэўрапейскай мульцікультуральнасьці:

«Там я пабачыла шмат людзей розных нацыянальнасьцяў, якія мірна ўжываюцца», — кажа Анастасія.

У фіналістаў спаборніцтва няма спэцыяльнага рэцэпту посьпеху ў вывучэньні ангельскай. Але ўсе ўдзельнікі вельмі доўга практыкуюць яе, спрабуючы знайсьці правільны акцэнт. У выніку большасьць зь іх паступіла альбо зьбіраецца трапіць у Лінгвістычны ўнівэрсытэт.


Тацяна вучыла мову з шасьці гадоў

«Я фанатка гэтай мовы, — кажа пра сваё стаўленьне да ангельскай Тацяна, студэнтка першага курсу МДЛУ. — Я вывучаю ангельскую з шасьці гадоў. І думаю, гэта сапраўды маё».

Цяпер Таня марыць аб перакладчыцкай кар’еры, але сканцэнтравацца зьбіраецца ўсё ж на кітайскай: «яна больш пэрспэктыўная».

Глядзіце вялікі фотарэпартаж зь фіналу міжнароднага ангельскамоўнага конкурсу аратарскага майстэрства

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0719 seconds.