Усе гіты «J:морс» — гурт выпраўляецца ў тур па Беларусі

21 красавіка гурт «J:морс» прадставіць праграму «10 год — усе гіты» у сталічнай к/з «Менск» і адправіцца зь ёй у тур па Беларусі. Крыху раней мусіць выйсьці зборнік галоўных гітоў каманды, складзены на падставе інтэрнэт-галасаваньня прыхільнікаў.

Jmors

Пасьля экспэрымэнтаў з гукам і аранжыроўкамі ў межах выпушчанага нядаўна на CD / DVD «Канцэрту ў тэатры», гурт «J:морс» пакажа электрычную праграму, аснову якой складуць лепшыя песьні ў «клясычных» вэрсіях. Тур ахопіць Менск і ўсе абласныя цэнтры.

«Я не схільны лічыць 10-годзьдзе нейкім асаблівым дасягненьнем або глябальным сьвятам. Гэта проста нагода сыграць па-добраму настальгічную праграму і крыху азірнуцца назад. Заадно зазірнем наперад — пакажам некаторыя песьні з будучага альбома, праца над якім ужо пачалася», — кажа Уладзімір Пугач.

Зборнік, які мусіць выйсьці напярэдадні тура, зьбярэ песьні за 10 год — бо першы альбом выйшаў менавіта ў 2000 годзе. За гэты час гурт «J:морс» выпусьціў 6 студыйных альбомаў, а больш за 20 песень зь іх атрымалі прызнаньне публікі ў выглядзе сынглаў. Малавядомым застаўся, бадай, толькі дэбютны альбом «Ассорти» (2000). Ужо пачынаючы з максі-сынгла «Web-дизайн» (2002) папулярнасьць гурта пачала актыўна расьці дзякуючы кампазыцыям «Web-дизайн», «Смотри» і «Айсберги».

Уладзімір Пугач

Права абраць галоўныя гіты з кожнага альбома для будучага зборніка музыкі вырашылі даверыць прыхільнікам. Галасаваньне праходзіць на афіцыйным сайце www.jmors.by. Там жа можна праслухаць усе альбомы гурта.

«Па маіх асабістых назіраньнях за гэтыя гады ў гурта сфармавалася некалькі пакаленьняў слухачоў. Адным падабаюцца альбом «Асарці» і сынгл «Web- дизайн», другім — «Монтевидео» і «Апрель», трэцім — «Босиком по мостовой» і «Адлегласьць», чацьвёртым — «Аквамарин». Ідэя дадзенага галасаваньня ў тым, каб пачуць меркаваньне ўсіх і зразумець, якія песьні з кожнага дыска пакінулі самае яркае ўражаньне ў людзей. Заадно улічым вынікі пры падрыхтоўцы праграмы для гэтых канцэртаў, — адзначыў лідэр «J: морс».

Графік тура

  • 21 красавіка — Менск, к/з «Менск»
  • 22 красавіка — Берасьце, ДК Прафсаюзаў
  • 27 красавіка — Віцебск, к/з «Віцебск»
  • 28 красавіка — Горадня, к/з Філярмоніі
  • 29 красавіка — Гомель, ГКЦ
  • 30 красавіка — Магілёў, клюб «Мэтро»

Менскі канцэрт пачнецца, а 19.00. Квіткі: 25–60 тыс. Інфалінія: (017) 209 45 45, (029) 1 8888 49.

Паводле прэс-рэлізу

15:00, 25/03/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.