Адным з хэдлайнэраў фэсту Sziget стане «Ляпіс Трубяцкой»
Арганізатары аднаго з найбуйнейшых фэстываляў сьвету Sziget, які адбудзецца з 11 па 16 жніўня ў Будапэшце, абвясьцілі імёны самых зорных удзельнікаў сёлетняга фэсту. Сярод іх названы і беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой».
Людзі на Sziget 2007. Photo by András Éberling.
Галоўнымі хэдлайнэрамі фэстывалю значыцца адна з самых пасьпяховых і папулярных камандаў апошняга дзесяцігодзьдзя Muse, якая правяла ўвесь мінулы і гэты год ў сусьветным туры, у падтрымку апошняга альбомы «Uprising», і завершыць яго выступам на Sziget і канцэртамі на Ўэмблі ў верасьні. На галоўнай сцэне фэстывалю таксама выступяць іншыя папулярныя брытанцы Kasabian, што выдалі ў мінулым годзе «альбом № 1» па вэрсіі ўплывовых брытанскіх часопісаў NME і Q.
Не застануцца без прыемных сюрпрызаў аматары мэтал-музыкі. Галоўнай падзеяй для іх стане выступ адных з родапачынальнікаў хэві-металу — гурта Iron Maiden, якія выканаюць ня толькі старыя гіты, але і прадставяць публіцы свой новы альбом «The Final Frontier». Парадуюць сваіх фанатаў і Children Of Bodom, Monster Magnet, 69 Eyes, Paradise Lost.
Аматары панк-і рок-музыкі таксама не застануцца ў баку. На галоўнай сцэне фэстывалю выступяць легендарныя амэрыканцы Bad Religion і брытанцы The Specials, якія адзначылі нядаўна сваё 30-годзьдзе. Другі год запар фэстываль будуць радаваць канадзкія хард-рокеры Danko Jones і гішпанскія антыглябалісты Ska-P. Таксама выступяць The Hives, Papa Roach, Ill Niño.
З абноўленым матэрыялам вяртаецца на сцэну электра-поп гурт Faithless. Дэйман Элбарн прадставіць вялікі ды-джэйскі сэт у межах праекту Gorillaz Sound System. Электронную сцэну ўзначаляць Infected Mushroom.
Знакавай падзеяй для беларусаў стане выступ гурта «Ляпіс Трубяцкой». Стаўшы мега-папулярнымі ў Расеі, Беларусі, Украіне, гурт пачынае захоп заходняга рынку, выпускаючы першы эўрапейскі альбом і заплянаваўшы шэраг выступаў на эўрапейскіх фэстывалях, у тым ліку на Sziget. Гэта будзе першы выступ беларусаў на фэстывалі за апошнія сем гадоў. Да гэтага толькі два гурты прадстаўлялі нашу краіну на востраве пасярод Дуная — «Троіца» і Gods Tower.
Сярод іншых удзельнікаў фэстывалю названыя Billy Talent, Enter Shikari, Gentleman, Gwar, KIZ, Monster Magnet, Skindred, Subsonica, The Cribs, The Toy Dolls і іншыя. Поўны сьпіс удзельнікаў, якія на працягу пяці дзён выступяць на ўсіх 15 сцэнах, стане вядомы за некалькі тыдняў да фэстывалю. Sziget пройдзе з 11 па 16 жніўня на востраве Абудаі ў цэнтры Будапэшта.
Інфармацыйны партнэр фэстывалю ў Беларусі — музычны праект Ultra-Music. Рэпартажы зь леташняга Sziget, а таксама ўсе навіны пра сёлетні фэст, аўтобусны тур зь Беларусі і куплю білетаў, можна знайсьці ў адмысловым разьдзеле на сайце Ultra-Music.