Домрачава трэці раз запар трапіла на п’едэстал
Беларуская біятляністка Дар’я Домрачава, якая выйграла дзьве апошнія гонкі мінулага этапу Кубка сьвету, зноў паднялася на п’едэстал на першым спаборніцтве новага этапу ў Нарвэгіі. Апошнія перамогі менскай біятляністкі станоўча адлюстраваліся на яе пазыцыі ў агульным заліку Кубка.
Дар’я Домрачава. Фота AFP
Дар’я Домрачава заняла другое месца ў спрынтэрскай гонцы на 7.5 км на восьмым этапе Кубка сьвету па біятлёне, што праходзіць у нарвэскім Халмэнколене. На двух агнявых рубяжах Дар’я не дапусьціла ніводнага промаху, саступіўшы толькі 4.9 сэкунд пераможцы Сымоне Хаўсвальд зь Нямеччыны.
Таксама ў час гонкі лепшы вынік у кар’еры паказала беларуска Людміла Калінчык, якая заняла пятае месца.
На мінулым этапе Кубка сьвету, што скончыўся чатыры дні таму ў фінскім Кантыёлахці, Домрачава выйграла спачатку спрынт, а празь дзень заваявала золата на гонцы перасьледу.
Дар’я ў час пераможнай для яе гонцы сёмага этапу Кубка сьвету. Фота Reuters
У агульным заліку Кубка сьвету Дар’я знаходзіцца на сёмым месцы, а ў цякучым рэйтынгу лепшых спрынтэрак — на шостым. Жаночая каманда Беларусі па біятлёне знаходзіцца цяпер на шостай пазыцыі ў рэйтынгу Кубка нацый Міжнароднага зьвязу біятляністаў.