Брытанія ўзмацняе правілы атрыманьня студэнцкіх візаў

Для атрыманьня студэнцкай візы беларусам прыйдзецца даказваць высокі ўзровень валоданьня ангельскай моваю, а шанцаў падпрацаваць у час навучаньне стане нашмат меней. Новыя правілы закліканыя зьменшыць плынь эмігрантаў, якія нелегальна застаюцца ў краіне, папярэдне ўехаўшы па студэнцкай візе.

 

Згодна з новымі правіламі атрыманьня студэнцкіх візаў, якія ўступаюць у сілу з сакавіка 2010 года, жадаючым навучацца ў Вялікабрытаніі больш за 6 месяцаў трэба будзе пацьвердзіць узровень валоданьня ангельскай мовай на ўзроўні B2, які адпавядае сярэдняму ўзроўню валоданьня мовай (Intermediate).

Дазволеныя працоўныя часы для ўдзельнікаў кароткатэрміновых курсаў скарочаныя з 20 да 10 гадзінаў у тыдзень. Прывозіць у краіну сваякоў удзельнікам такіх курсаў цяпер не дазваляецца.

Брытанскі ўрад з дапамогай новых правілаў спадзяецца зьменшыць плыню нелегальнай міграцыі. Па словах міністра ўнутраных спраў Вялікабрытаніі Алана Джонсона, да 30% будучых нелегалаў трапляюць у краіну менавіта па студэнцкім візам. Пры гэтым большая частка навучэнцаў прыязджаюць на кароткатэрміновыя курсы да шасьці месяцаў.

«Мы зачынілі 200 фіктыўных навучальных устаноў. Да 2011 г. у нас будзе найлепшая ў сьвеце сыстэма праверкі ня толькі тых, хто ўехаў у краіну, але і тых, хто зь яе выехаў [па заканчэньні тэрміну дзеяньня візы]», — заявіў Джонсан BBC.

У 2009 годзе па студэнцкім візам у краіну ўехалі 280 тысячаў чалавек. Год таму правілы атрыманьня такой візы ўжо мяняліся, але, на думку брытанскіх палітыкаў, яны не аказаліся ў дастатковай ступені эфэктыўнымі. На мінулым тыдні Брытанія часова замарозіла выдачу студэнцкіх візаў грамадзянам Індыі, Нэпалу і Банглядэш.

У мінулым годзе ў Брытаніі пражывалі 6.7 мільёнаў замежнікаў, што зьяўляецца рэкордам за ўвесь час назіраньня. Кожны адзінаццаты жыхар Вялікабрытаніі радзіўся за яе межамі, кожнае 4-ае дзіцё, народжанае ў Англіі і Ўэльсе, было народжанае маці, якая прыехала з-за мяжы. Каля 25 тысяч дзяцей нарадзіліся ў сем’ях мігрантаў з Усходняй Эўропы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.