Пакет не выратуе ад адказнасьці за расьпіцьцё піва ў грамадзкіх месцах

«У міліцыю, у тым ліку на сайт ГУУС, паступіла нямала пытаньняў аб адказнасьці ў выпадку, калі, напрыклад, бутэлька піва знаходзіцца ў пакеце. Ці маюць права супрацоўнікі міліцыі зазірнуць у пакет і прыняць нейкія меры?» — адзначаюць у РУУС.

 

Адказнасьць наступае ў тым выпадку, калі, напрыклад, маладыя людзі, седзячы на лавачцы ў парку, хаваюць у пакеце бутэльку піва ці іншага слабаалькагольнага напою, і гэтая бутэлька адчыненая. Супрацоўнік міліцыі мае поўнае права зазірнуць у пакет і, убачыўшы там адкрытую бутэльку моцных напояў, ужыць адпаведныя меры.

Як паведамлялася, 23 лютага ўступілі ў сілу папраўкі ў КоАП Беларусі. Адна з гэтых паправак, што выклікала шырокі грамадзкі рэзананс, унесла зьмены ў артыкул 17/3, у адпаведнасьці зь ёй з гэтага часу прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць за расьпіцьцё слабаалькагольных напояў ці піва ў грамадзкім месцы. Такім прынята лічыць вуліцу, стадыён, сквэр, парк, грамадзкі транспарт або іншыя грамадзкія месцы, за выключэньнем месцаў, прызначаных для ўжываньня алькагольных, слабаалькагольных напояў ці піва. Максымальны памер штрафу за такое правапарушэньне складае 15 базавых велічынь (больш за Br500 тыс.).

У той жа час Міністэрства аховы здароўя Беларусі ініцыюе ўвядзеньне дадатковых мераў па прафіляктыцы алькагалізму. Так, чыноўнікі падрыхтавалі праект закону, паводле якога прадугледжваецца забарона на продаж алькаголю асобам, маладзейшым за 21 год. Таксама прадстаўнікі міністэрства спадзяюцца на павышэньне коштаў на алькаголь, рэгуляваньне часу і месцаў продажу сьпіртовых напояў.

У Беларусі зараз праходзіць акцыя «Не піву і слабаалькагольным напоям у грамадзкіх месцах», дзе асаблівая ўвага надаецца моладзі.

«Мы мусім зрабіць усё магчымае, каб выгадаваць пакаленьне зь іншай культурай», — заявіла прадстаўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя.

Паводле Белта

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0047 seconds.