Вугорскі студэнт зьбіраўся застрэліць 22 чалавекі ў гонар «22 агідных гадоў»

Паліцыя Будапешту затрымала 22-гадовага студэнта, які зьбіраўся зладзіць масавае забойства ў корпусе свайго ўнівэрсытэту і супэрмаркеце. Вугорац меў хваравітую цікаўнасьць да забойстваў у навучальных установах, якія адбываліся па ўсім сьвеце.


У гэтым унівэрсытэце ў вугорскім Печы два месяцы таму 23-гадовы студэнт застрэліў аднаго чалавека, раніўшы трох студэнтаў. Фота Reuters

Студэнт Абель, прозьвішча якога не паведамляецца, займаўся спартовай стральбой і цэлы год рыхтаваўся да забойства 22 выпадковых чалавек. Як паведаміла паліцыя Будапешту, такую лічбу ён выбраў, бо «пражыў 22 агідныя гады».

Абель прызнаўся, што яго «хваравіта цікавілі» масавыя забойства ў школах. Ён ня раз захопліваў у краму і ва ўнівэрсытэт уласны пісталет, прадумваючы «справу».

На яго кампутары ў якасьці скрынсэйвэру паліцыя знайшла фотаздымак стральбы ў амэрыканскай школе Калумбайн у 1999 годзе. Тады два школьнікі застрэлілі настаўніка і яшчэ 11 навучэнцаў, а пасьля скончылі жыцьцё самагубствам.

Вугорская паліцыя была пільнай пасьля выпадку ў горадзе Печ на паўднёвым-захадзе краіны. Два месяцы таму 23-гадовы студэнт мясцовага інстытуту біяфізыкі застрэліў выкладчыка і раніў яшчэ трох студэнтаў. Цяпер ён чакае суду.

Паводле Reuters

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.