У Полацку плянуюць пабудаваць помнік студэнту
З такой ініцыятывай выступілі Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт і гарвыканкам. Помнік студэнту плянуюць надзяліць «галоўнымі рысамі студэнтаў усіх часоў: свабодалюбства, адухоўленасьць, незалежнасьць поглядаў».
«Старажытны горад з кожным годам зьмяняецца, тут зьяўляюцца новыя скульптурныя кампазыцыі. Вось і мы вырашылі падтрымаць добры пачатак. А што самае галоўнае ва ўнівэрсытэце? Канешне ж, студэнт», — тлумачыць рэктар ПДУ Дзьмітрый Лазоўскі.
На паседжаньні, дзе абмяркоўвалася ідэя помніку, не выключаюць зьяўленьне ў будучыні і «пары» для скульптуры — помнік студэнтцы, але паставяць яго ўжо ў Наваполацку.
Полацкі гарвыканкам плянуе абвесьціць конкурс на лепшы эскіз помніку студэнта, які можа зьявіцца ў горадзе гэтай восеньню.
Прыклады помнікаў студэнтам у іншых краінах
Помнік студэнту ў Тамбове. Адчынены ў сьнежні 2009-га. Студэнты ўжо прыдумалі прыкмету: каб атрымаць добрую адзнаку, трэба пацерці помніку руку.
Помнік студэнту ў Данецку. Адчынены ўвосень 2007-га. Выява: wikipedia.org.
Помнік студэнтцы ў Іркуцку. Адчынены ўвосень 2008-га. Выява: islu.ru.
Помнік студэнтам у Кіеве. Выява: liveinternet.ru.