Тацяна Шапуцька больш не спадзяецца на аднаўленьне ў БДУ

Мінадукацыі адмовіла былой другакурсьніцы БДУ Тацяне Шапуцьцы ў аднаўленьні на вучобе. Дзяўчына была адлічаная з 2 курсу юрфаку БДУ пасьля ўдзелу ў Форуме Грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга Партнэрства» ў Брусэлі.


Фота Радыё Свабода

У адказе Міністэрства адукацыі на скаргу Шапуцькі паведамляецца, што «ўсе дзеяньні зьдзейсьненыя ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі занакадаўства. Прававых падстаў для адмены загаду аб адлічэньні ня маецца».

Тацяну адлічылі з афіцыйнай фармулёўкай «за парушэньні Правілаў унутранага распарадку». У асабістых размовах з Тацянай службовыя асобы ўнівэрсытэту казалі, што фактычнай падставай для адлічэньня паслужыў пропуск заняткаў у пэрыяд яе знаходжаньня на форуме Ўсходняга партнэрства, а таксама тое, што яна не апавясьціла дэканат аб ад’езьдзе.

Дзяўчына лічыць, што Міністэрства адукацыі не адрэагавала ні на адзін довад, праведзены ў яе скарзе.

«Было праігнаравана тое, што меркаваньне факультэту пры вызначэньні дысцыплінарнага спагнаньня павінна быць прыярытэтным — у маім выпадку факультэт прасіў аб вымове. Акрамя таго, адказ міністэрства не тлумачыць, чаму была абрана самая жорсткая форма спагнаньня, якая абсалютна не адпавядае гэтак званаму правапарушэньню.

Ліст наўпрост зьмяшчае гісторыю майго залічэньня й адлічэньня з БДУ, а таксама працэдуру ўжываньня дысцыплінарнага спагнаньня. З пункту гледженьня зьместу ён абсалютна пусты, гэта можна назваць адпіскаю», — кажа Тацьцяна Шапуцька.

Цяпер дзяўчына зьбіраецца абскрадзіць рашэньне міністэрства адукацыі ў судзе.

«Аднак, у станоўчае вырашэньне майго пытаньне верыць ужо не даводзіцца», — мяркуе Тацьцяна.

Нядаўна зарэгістраваны ў Чэхіі «Малады фронт», прэс-сакратаркай якога зьяўляецца Тацяна, зьвярнуўся да міністраў адукацыі краін Эўразьвязу з просьбай даць дзяўчыне магчымасьць дыстанцыйна навучацца ў адным з ВНУ Зьвязу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0862 seconds.