Прызыўніку, які хацеў служыць альтэрнатыўна, далі тры месяцы турмы

Іван Міхайлаў, вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі «Новы запавет», пакараны трыма месяцамі турмы за адмову служыць у войску. Міхайлаў тлумачыць ухіленьне сваім веравызнаньнем і патрабуе даць яму магчымасьць праходзіць альтэрнатыўную службу.


Іван Міхайлаў. Фота радыё Свабода

Сёньня суд Менскага раёну прызнаў Міхайлава вінаватым у адхіленьні ад службы ў войску і пакараў яго 3 месяцамі турмы замест 5, як таго прасіў пракурор. Вернік сваю віну не прызнае.

Іван Міхайлаў тлумачыць адмову праходзіць тэрміновую службу рэлігійнымі поглядамі і адзначае, што ня хоча парушаць запавет «Не забі». Але ў службе ў рэзэрве яму адмовілі. У выніку ў войска ён не пайшоў, і празь некаторы час быў затрыманы на працы ў Салігорску.

Міхайлаў і яго адвакатка Святлана Гарбаток найстойвалі на праве маладога чалавека праходзіць службу альтэрнатыўна, што адпавядае Канстытуцыі Беларусі. Міхайлаў адзначыў, што не яго віна ў тым, што ў краіне дагэтуль не прыняты адпаведны закон.

З-за таго, што вернік ужо пасьпеў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня 1.5 месяцы, яго зьняволеньне працягнецца паўтары месяцы.

Міхайлаў зьбіраецца абскардзіць прысуд у Менскім абласным судзе. Пакуль ня будзе вынесены канчатковы вэрдыкт, вернік застанецца ў Жодзінскім СІЗА.

Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі» абвясьцілі аб зборы подпісаў у абарону Івана Міхайлава.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0647 seconds.