23 лютага «Сьвята герояў» ад IQ48, ZM99 і Hasta La Fillsta

23 лютага ў сталічным клюбе Jolly Roger Cafe адбудзецца «Свята герояў». У дзень сапраўдных мужчын — абаронцаў Айчыны — выступяць вядомыя менскія рок-гурты IQ48, ZM99 і Hasta La Fillsta. Каго музыкі лічаць сапраўднымі героямі і што рыхтуюць да канцэрту?

Яўген Бузоўскі, гітарыст гурту IQ48, паабяцаў, што «здаровыя лосі» зайграюць сэксуальна нястрыманыя гіты і сучасныя гарадзкія «ракенролы» і зробяць усё, каб у дзяўчат блішчэлі вочы, а хлопцы пакрываліся сёмым потам. Таксама музыкі рыхтуюць прыемныя сюрпрызы і новыя песьні. На пытаньне «Хто для вас „сапраўдны герой“ і які вобраз асацыятыўна ўзьнікае ў сувязі з гэтымі словамі?», Яўген адказаў:

«Сапраўдныя героі для нас — шчырыя моцныя людзі, для якіх, нават зараз, галоўнае тое, што ў сэрцы і галаве, а не ў кішэні! А 23 лютага для нас зьяўляецца вясёлым святам, такім мужчынскім рэваншам за 8 сакавіка. Калі адкінуць ідэалягічны пафас, то абарона Айчыны — справа правільная, і ня важна, дзе ты яе абараняеш — у акопе ці на сцэне».

ZM99 («Зьмяя») прэзэнтуе інтэрнэт-альбом «ZM99.NET», які быў выкладзены 11 студзеня ў вольны доступ на сайце гурта. Лідар гурта Уладзімір Сахончык распавёў, што музыкі падрыхтавалі песьню, прысьвечаную тэме «сапраўдных герояў». Да самога сьвята музыкі ставяцца з павагай і разуменьнем — палова калектыву, у свой час, «аддавала абавязак Радзіме». А на канцэрце гурт абяцае сыграць старыя песьні і шмат новых.

А гурт Hasta La Fillsta дасць свой першы канцэрт паслья вяртаньня на сцэну. Вольга Самусік, вакалістка гурта, распавяла пра падрыхтоўку да «Сьвята герояў»:

«На канцэрце 23 лютага будзем граць новыя песьні, якія ўвайшлі ў наш інтэрнэт-рэліз, узгадаем некалькі старых хітоў гурта. І, канечне, будзе некалькі дуэтаў — гэта наш сюрпрыз». Для Hasta La Fillsta «сапраўдны герой» — «гэта чалавек, які неадступна ідзе па сваім шляху да сваёй мары». «Айчыну заўсёды павінен нехта абараняць. Мы абараняем культуру сваёй краіны, бо безь яе не будзе і Бацькаўшчыны».

У праграме сьвята: шчырыя віншаваньні моцнай палове сусьвету ад музыкаў, добры настрой, лепшыя песьні, драйв і рок-н-рол.

 

Канцэрт пройдзе пры падтрымцы NETradio.by.

Чакаем вас, сапраўдныя героі, 23 лютага ў клюбе Jolly Roger Cafe (бул. Талбухіна, 4)! Пачатак ў 19.00. Кошт: 15 000 (танцпляц), 20 000 (столік). Забраняваць чалавека-месца на танцпляцы можна па тэлефоне +375 29 564 55 81, за столікам — па тэлефоне +375 33 313 00 01. Даведкі па тэлефоне +375 29 620 53 68.

Slaver 12:00, 01/02/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.