За ўжываньне піва ў грамадзкіх месцах давядзецца плаціць штраф да 280 тыс.

Ужываньне піва і слабаалькагольных напояў у Беларусі ў грамадзкіх месцах хутка будзе забароненае. Памер штрафаў за піва будзе такім жа самым, які цяпер існуе за ўжываньне гарэлкі і іншых моцных напояў.

Гэта прадугледжана законам «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці», які быў нядаўна прыняты ў Беларусі, аднак пакуль не ўступіў у сілу. Папраўкі чакаюць рэзалюцыі прэзыдэнта.

Новым законам вызначаецца адміністратыўная адказнасьць за расьпіцьцё слабаалькагольных напояў і піва на вуліцах, стадыёнах, сквэрах, парках, грамадзкім транспарце і іншых грамадзкіх месцах, акрамя тых, якія прызначаныя для іх ужываньня.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА супрацоўнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Беларусі Валерый Мялешка, штрафныя санкцыі будуць такія ж, як і за расьпіцьцё ў грамадзкіх месцаў сьпіртовых напояў.

На першы раз сума штрафу будзе складаць да 8 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня складае Br35 тыс.). Пры паўторным такім правапарушэньні на працягу года ўжо давядзецца заплаціць ад 2 да 15 базавых велічынь.

У законе таксама даюцца паняцьці піва і слабаалкагольных напояў. У прыватнасці, піва — гэта напой, які атрымліваецца шляхам зброджвання соладавага сусла піўнымі дражджамі з аб'ёмнай доляй этылавага сьпірту ад 0,5% і болей. Здавалася б, такое азначэньне цалкам дазваляе расьпіваць у грамадзкіх месцах так званае безалькагольнае піва. Аднак на бутэлечных этыкетках гэтага напою, які можна купіць у Беларусі, напісана, што колькасьць алькаголю ў ім не большая за 0,5% аб'ёму. У сувязі з гэтым у МУС абяцаюць больш лібэральны падыход да аматараў безалькагольнага піва, аднак прызнаюць, што гэта пытаньне даволі далікатнае і вырашыць яго можа толькі правапрымяняльная практыка.

Паводле БелТА

vojur 12:22, 14/01/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0655 seconds.