У 69-м BBC не паверыла ў Led Zeppelin

Буйнейшая тэлерадыёкарпарацыя Вялікабрытаніі раскрывае сакрэты саракагадовай даўніны. Як высьвятляецца, прадусары кампаніі ў 1969 годзе назвалі музыку Led Zeppelin старамоднай і непераканаўчай. Здарылася гэта ў час праслухоўваньня, якое для музыкаў скончылася ня лепшым чынам.

 
У тыя часы імёны музыкай нікому ні аб чым не казалі

Як сьведчаць дакумэнты, якія захоўваюцца ў архіве BBC, адзін з самых папулярных гуртоў 70-х быў жорстка раскрытыкаваны пасьля пробнага праслухоўваньня на студыі кампаніі. Пасьля гэтага гурт прадаў агулам 300 млн альбомаў па ўсім сьвеце і набыў славу «найвялікшага гурта 1970-х» па вэрсіі часопісу Rolling Stone.

У інтэрвію, запісаным адной з радыёстанцыяў BBC напярэдадні Раства 2009 году, легендарны гітарыст Led Zeppelin Джымі Пэйдж прыгадваў аб тым правальным праслухоўваньні: «Мы адыгралі свой матэрыял — нешта з тагачаснага альбому, астатняе было проста імправізацыяй… экспромт і творчасьць — так усё было ў тыя часы».

Адзін зь сяброў камісіі прадусараў, перад якімі граў гурт, сказаў: Led Zeppelin не падыходзяць для стандартнага дзённага радыёэфіру, іх могуць слухаць толькі спэцыялісты; другі назваў іх музыку неарыгінальнай і непераканаўчай. А трэці прадусар увогуле забіў апошні цьвік у кар’еру музыкаў на BBC: іх ігру ён назваў старамоднай.

Але з часам Led Zeppelin усё ж запісалі некалькі канцэртаў у студыі галоўнай музычнай радыёстанцыі BBC Radio 1. Падчас аднаго зь іх, у 1971-м, музыканты і прадусар пасварыліся з-за якасьці гуку, і праз дзень пасьля выхаду праграмы музыканты адклікалі згоду на далейшую трансьляцыю гэтага запісу.

Яны напісалі на BBC ліст, у якім патрабавалі, каб праграму не выпускалі ў этэр на іншыя краіны. Канфлікт у рэшце рэшт быў скончаны: Джымі Пэйдж асабіста ўмяшаўся і наноў зьвёў запіс.


Выступ Led Zeppelin у Чыкага ў 1975 годзе

Led Zeppelin, які афіцыйна распаўся ў 1980, у сьнежні 2007-га сабраўся на свой першы за 19 гадоў канцэрт, які музыкі сыгралі для 20 тысяч прыхільнікаў на сцэне лёнданскай залі O2. Двухгадзінны выступ адкрыла кампазыцыя Good Times Bad Times, якая была першай на іх дэбютным альбоме.

Падчас гэтага канцэрту на сцэне разам з удзельнікамі арыгінальнага складу Led Zeppelin — Джымі Пэйджам, Робертам Плантам і Джонам Полам Джонсам — граў Джэйсан Бонэм, сын памерлага бубнача Джона.

Паводле BBC

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.049 seconds.