Студэнты пакінулі апошнюю акупаваную аўдыторыю Баварыі

Нямецкія студэнты вызвалілі самую вялікую аўдыторыю ў Мюнхэнскім унівэрсытэце Людвіга-Максыміліяна (LMU), якую яны ўтрымлівалі на працягу сямі тыдняў. Гэта была апошняя ўнівэрсытэцкая аўдыторыя, акупаваная студэнтамі — фінальны водгалас восеньскіх пратэстаў, ахапіўшых буйнейшыя ВНУ Нямеччыны.

Сем тыдняў і 100 тысяч эўра шкоды — такі вынік самага доўгага супрацьстаяньня студэнтаў і кіраўніцтва ўнівэрсытэту ў Баварыі. Пярэдадне Новага году 22 студэнты, якія да апошняга заставаліся ў захопленай амаль два месяцы таму мюнхенскай аўдыторыі, у суправаджэньні паліцэйскіх пакінулі тэрыторыі ўнівэрсытэту. Пра гэта паведамляе Suddeutsche Zeitung.

 

З раніцы рэктар LMU Бэрнд Хубэр (Bernd Huber) прад’явіў студэнтам ультыматум, запатрабаваўшы на працягу 15 хвілін пакінуць аўдыторыю, спаслаўшыся на гарантаванае законам права ВНУ поўнага і бесьперашкоднага выкарыстаньня памяшканьняў, якія належаць яму.

Усе 22 пратэстуючыя, якія заставаліся ў аўдыторыі, захопленай у час агульнанямецкіх акцый барацьбы за паляпшэньня ўмоў навучаньня, падпарадкаваліся патрабаваньню рэктара і, не аказаўшы супраціву, пакінулі памяшканьне пад канвоем.


Па словах Хубэра, інтарэсы пратэстуючых ужо даўно разышліся з жаданьнямі большасьці навучэнцаў. Ён таксама нагадаў, што яшчэ ў пачатку сьнежня рэктарат пагадзіўся перагледзець пытаньне аб суме ўзносу за навучаньне (адно з галоўных патрабаваньняў пратэстуючых) і стварыць спэцыяльны студэнцкі савет, аднак гэта прапанова была адхіленая.

Прадстаўнік пратэстуючых назваў канец гісторыі акупацыі аўдыторыі «бясслаўным». Па словах студэнтаў, кіраўніцтва ВНУ і паліцыя выціснула іх з аўдыторыі, абмежаваўшы доступ да яе за тры дні да ўльтыматуму рэктара.

Нявырашаныя праблемы, паламаныя дзьверы і сьпісаныя лёзунгамі сьцены засталіся ў кіраўніцтва LMU у выніку пратэстаў. Яно ацэньвае шкоду, прычыненую ўнівэрсытэту за сем тыдняў акупацыі, у 100 тысяч эўра.

Нагадаем, што ў сярэдзіне лістападу нямецкія студэнты ўсьлед за сваімі аўстрыйскімі калегамі арганізавалі масавыя акцыі ў 40 буйнейшых гарадах краіны. Яны патрабавалі ўнясеньня зьменаў у навучальныя праграмы, якія, на іх думку, сталі залішне перагружанымі, а таксама скарачэньня або поўнай адмены платы за навучаньне, якая ў час крызысу была падвышаная і складае цяпер да 500 эўра за сэмэстар.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0557 seconds.