«Паранойя» ў вэрсіі музыкаў KILLADOX

Гарачая зіма у Чарнобыльскай зоне — самы зручны час для чарговага экспэрымэнту. Карыстаючыся гэтым, гомельскія электрафрыкі KILLADOX выносяць на суд грамадзкасьці свой новы сынгл «PARANOJA/.BY».

 

KILLADOX цяжка назваць гуртом у звычайным сэнсе гэтага слова. Хутчэй гэта суполка людзей з аднолькавым поглядам на музыку ды ўспрыманьнем жыцьця. Зьвяртаючыся да элемэнтаў industrial, break core, drum’n’noise, trip hop, ambient, хлопцы не аддаюць выключнай перавагі аніводнаму стылю. Кампазыцыі праекту вылучаюцца выкарыстаньнем шуму, што дазваляе ахарактарызаваць стыль KILLADOX як intelligent noise.

У запісе галоўнай песьні рэлізу браў удзел вакаліст Jazzlatex community — Піксэль. Для KILLADOX гэта песьня стала першым досьведам працы з жывым выканаўцам, а для Піксэля — першым прадстаўленьнем уласных беларускіх вершаў. Абодва бакi задаволеныя вынікам.

Зараз KILLADOX заняты мантажом DVD «Eclectoskope», у аснове якога запісы жывых выступаў каманды ў Гомелі і Менску.

JL Pixel, вакаліст Jazzlatex community, цяпер рыхтуе першы зборнік уласных вершаў. У кнізе будуць апублікаваныя лепшыя беларускамоўныя вершы аўтара розных гадоў. Праца пад сакрамэнтальным назовам «25» разам з вясновым рэлізам Jazzlatex community «The best 2006–2008» стане своеасаблівым падвядзеньнем творчых вынікаў апошніх гадоў.

Адразу пасьля выхаду сынгла стала вядома, што яшчэ адзін трэк KILLADOX — Sulfoufoxine, трапіў ў шорт-лiст складанкi «Dance in the Desert», якая будзе падрыхтаваная прадусарам Alex Theory. Альбом будзе выдадзены абмежаваным накладам на CD.

Спампаваць сынгл KILLADOX feat JL PIXEL PARANOJA/.BY.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4187 seconds.