Крым абараняе рускамоўных абітурыентаў

Крымскія ўлады зьбіраюцца падаць у суд на Міністэрства адукацыі Ўкраіны, бо ня згодныя з плянамі міністра Івана Вакарчука праводзіць тэсты для абітурыентаў толькі на ўкраінскай мове. Дэпутаты парлямэнту паўвыспы лічаць новыя правілы дыскрымінацыйнымі.

 

З 2010 году ва Ўкраіне ўступаюць новыя правілы паступленьня ў ВНУ, якія нагадваюць беларускія. Цяпер абітурыенты будуць здаваць тры тэсты і атрымліваць па іх выніках сэртыфікаты.

Але ўсе тэсты будуць толькі на ўкраінскай — адзінай дзяржаўнай мове краіны. Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў атрымаюць магчымасьць у час тэстаў карыстацца слоўнікамі тэрмінаў.

Старшыня Вярхоўнай рады Крыму Анатоль Грыцэнка кажа, што гэты ўказ парушае канстытуцыю Ўкраіны, «дзе дзяржава гарантуе разьвіцьцё, функцыянаваньне і выкарыстаньне рускай мовы», а таксама супярэчыць закону аб канстытуцыі аўтаномнай рэспублікі Крым, згодна зь якой «на тэрыторыі Крыму выкарыстоўваецца руская мова, крымска-татарская мова».

Каля 16% студэнтаў украінскіх ВНУ і 90% крымскіх школьнікаў навучаюцца па-руску. Згодна зь перапісам 2001 году 67.5% насельніцтва краіны лічыць украінскую роднай мовай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.