Тройчы «Троіца» плюс адна кніга: юбілейны канцэрт Івана Кірчука і кампаніі

Troitsa 

Чарговая порцыя «юбілейнай» музыкі, на гэты раз ад магічна-касьмічнага этна-трыо «Троіца», была выдадзеная ў КЗ «Мінск» на выходных з нагоды дзесяцігодзьдзя гурта. Каця Кузіна, наш чалавек на канцэрце, заўважыла, што песьні «Троіцы» маюць тэндэнцыю да ўзьяднаньня, а навязьлівым слухачам музыкі прапаноўваюць наведаць рэстарацыю.


Іван Кірчук — фольк-машына ў дзеяньні

«Цэлы аркестар»

Моладзь з псыхадэлічнымі завушніцамі ў строях усіх колераў пэйзажу захаду над Гангам, побач — сталейшае пакаленьне ў афіцыёзных пінжаках ды сукенках. Бачна, што людзі прыйшлі ні куды-небудзь, а на сьвята да самога Івана Іванавіча Кірчука — нязьменна сівабародага вяшчуна беларускага фольку і лідэра «Троіцы».

«Калі не глядзець на колькасьць удзельнікаў, то „Троіца“ гучыць як цэлы аркестар», — намякнулі вядучыя на галоўную фішку гурту, адкрываючы канцэрт: бясконцую колькасьці музычных інструмэнтаў з усіх населеных кантынэнтаў, у атачэньні якіх спадар Кірчук і творыць касьмічную дзею, што завецца ў народзе канцэртам «Троіцы».

Музыкі на сцэне, і містэрыя, створаная са сьвятла, гукаў і вобразаў, пачалася. Сьвяточнае інтра і дзьве новых песьні для пачатку. Потым знаёмае-старое-любімае.

Кірчук амаль не размаўляе з публікай: дзякуе, аб’яўляе наступную песьню, дадаючы крыху аб яе прызначэньні, і зноўку — музыка.

 

Спантанна канцэрт падзяляецца на тры часткі: асноўная і два выхады «на біс». Разам зь інтра музыкі адыгралі 22 песьні. Цікава, што амаль усе яны дзіўным чынам аб’ядналіся паміж сабой, утваралі дыптыхі, трыптыыхі. Адзіную плынь, суцэльны паток. Інструмэнты быццам размаўляюць паміж сабой. Зачыняеш вочы — і птушкі сьпяваюць на летнім лугу, шапацяць дрэвы, зьвіняць ручаі. І над усім гэтым — голас. То магутны, быццам з самых глыбіняў зямлі, то пяшчотны, цякучы, як вада.

Бубен-сэрца ніколі не пераставаў біцца, дудкі-званочкі гучалі то спакойна, то адрывіста, быццам чалавечае дыханьне.

«Шукаеце песьні пад заказ — ідзіце ў рэстаран»

Добра адладжаны гук — рэдкі падарунак, і тут не абышлося безь цяжкасьцяў. Але атмасфэра ўсё роўна была створаная. І на дзьве гадзіны зал пераўтварыўся ў прастору сустрэчы мінулага і будучыні, на хісткім мосьце цяперашняга.

«Рэчанька!!!» — гучыць з апошняга шэрагу.

«Мы праграму рыхтавалі спэцыяльна, — кажа Кірчук, — шукаеце песьні пад заказ — ідзіце ў рэстаран».

Сапраўды, праграма не звалілася зь неба. Кожная песьня на сваім месцы. Жалобныя цягучыя вясельныя галашэньні чаргуюцца з бойкімі жартаўлівымі карагоднымі.

Людзі прынесьлі кветкі. Збольшага ружы — белыя і чырвоныя. Два разы публіка апладзіравала стоячы. Два разы музыкі вярталіся, каб іграць яшчэ. Апошняя песьня — «Журавы», і вось яны выходзяць каб пакланіцца. Некалькі сэкундаў стаяць, прыкладаючы рукі да сэрцу і сыходзяць — да новай сустрэчы.

Іван Кірчук 

Яшчэ адзін падарунак — кніга «Аўтабаны і мэнэстрэлі». Гэта дзёньнік Івана Кірчука, на старонках якога падарожжы гурта ў розных складах, шматлікія музычныя фэстывалі, вершы і казкі аўтара.

Для тых, хто набыў кнігі і дыскі — «раздача аўтографаў». Астатнія сьпяшаюцца ў гардэроб, але павольна, каб не згубіць тое адчуваньне, якое так складана словамі перадаць.

Глядзіце таксама Фотарэпартаж зь юбілейнага канцэрту «Троіцы» ў к/з «Мінск»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.