«Без Билета» выклалі свой альбом «Нарисована» для вольнага спампоўваньня
Гэты альбом выйшаў у 2004-м годзе, і сёлета гурт сьвяткуе 5-годзьдзе з выхаду дыска, які займае асаблівае месца ў дыскаграфіі «безьбілетнікаў». З аднаго боку, ён заклаў аснову для значнага росту папулярнасьці «Без Билета», а зь іншага — лічыцца культавым запісам і «рэччу самой у сабе».
Спампаваць альбом «Нарисована» можна з сайту гурта.
Нагадаем, што ў гэтым годзе ў рамках Дзён безьбілетніка гурт дасьць адразу два канцэрты запар у менскім клюбе «Рэактар». 12 лістапада адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому «Без Билета» «Африка». Праграму выступу дапоўняць гіты з альбому «Кино». Акрамя таго, у канцэрце прыме ўдзел суаўтар многіх песень «Без Билета» Таня Кушнер з песьнямі з сольнай праграмы «Mannequin». На днях у ратацыю запушчаны новы радыосынгл з «Mannequin» — кампазыцыя «Без нас».
На юбілейным канцэрце 13 лістапада прагучаць песьні з усіх альбомаў гурта. Уключэньне ў праграму раньніх гітоў павінна прыцягнуць прыхільнікаў «Без Билета» са стажам. У гэты вечар чакаецца невялікі выступ сяброў гурта — калектыву «Плато», а таксама зьяўленьне на сцэне экс-удзельніц «Без Билета». Простую трансьляцыю канцэрта ў інтэрнэт арганізуе NETradioLive. У продажы яшчэ ёсьць «праязныя» на абодва Дня безьбілетніка, якія дазваляюць наведаць два канцэрты па адмысловым кошце.
У гонар Дзён безьбілетніка «Без Билета» традыцыйна аб’яўляюць творчыя конкурсы. У гэтым годзе іх, як і канцэртаў, два — «Рэцэнзія на Афрыку» і «Фота з „Без Билета“». Запрашальны на дваіх на канцэрт 12 лістапада атрымае той, хто цікавей ўсіх адрэцэнзуе новы альбом гурта. Без квітка на канцэрт 13 лістапада пойдзе ўладальнік самага арыгінальнага здымка сябе з гуртом. Рэцэнзія і фатаздымак, якія атрымаюць перамогу, таксама будуць апублікаваныя ў газэце «Вячэрні Мінск». Усе падрабязнасьці пра конкурсы — у нядаўна адкрытым «кам’юніці сяброў «Без Билета».
Фота з рэпартажу Generation.bY з «Дня Безбілетніка 2008», тэкст паводле прэс-рэлізу