«Інь, Янь» і Багдановіч

Вечарыны супрацілегласьцяў «Інь і Янь», белага і чорнага, адбыліся ў музэі Максіма Багдановіча. Цягам двух вечароў у сяброўскай атмасфэры слухачы разважалі на філязофскія тэмы нашага жыцьця пад музыку маладых беларускіх бардаў і гуртоў.


Гурт Re1ikt

Канцэпцыя «Інь і Янь», узятая зь кітайскай філязофіі, сымбалізуе адзінства супрацьлегласьцяў: каб нарадзіцца, трэба памерці. У нашым выпадку дастаткова было проста прыйсьці на імпрэзу. Супрацьлегласьць нумар два наведвальнікам прапаноўвалася падабраць уласнымі намаганьнямі.

Тацьцяна Беланогая распачала зь імправізаванай гульні ў асацыяцыі «Інь і Янь» — конкурс на лепшую супрацьлегласьць. Публіка адразу ўцяміла сэнс заданьня і на сьпявачку пасыпаліся актуальныя антытэзы: «БТ» і «Белсат», «Менск» і «Мінск», «рок» і «папса», «малако» і «кефір». Апошняе спалучэньне яе аўтар патлумачыў проста: «павольна і імкліва». Кефір — павольна льецца і ўвабраў у сябе павольнасьць жыцьця, мудрасьць; малако — імклівае і легкадумнае, як жанчына. Пераможцы мініконкурсу атрымалі паштоўкі ад сьпявачкі.


Алесь Камоцкі. У сузіраньні маладых

У дні імпрэзаў, 20 і 21 кастрычніка, перад гасьцямі выступілі Тацьцяна Беланогая, Кацярына Ваданосава з гуртом Alta Mente, Ната Пушкарова, Дар’я Кадамская з музыкамі, Зьміцер Казлоўскі, Міхал Бараноўскі, гурт «ZnaROCK»… Падтрымаць маладых выступоўцаў прыйшоў вядомы бард Алесь Камоцкі.

Паміж выступамі адбывалася актыўная дыскусія, а яе арганізатар і вядучы Міхал Бараноўскі чытаў уласныя вершы. Словы тэкстаў і гітарныя акорды спрыялі філязофіі адносна ўзаемадзеяньня ў нашым жыцьці крайніх супрацьлегласьцяў: мужчынскага і жаночага, сьвятла і цемры, дня і ночы, станоўчага і адмоўнага.


Міхал Бараноўскі дэклямуе ўласныя вершы

Агулам, вечарына пакінула добрыя ўражаньні: гармонія ўсталяваная, «Інь і Янь» задаволеныя.

Глядзіце рэпартаж Sarmat'а ў фотаблогу: «Фотарэпартаж з музычнай вечарыны «Інь і Янь»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0593 seconds.