Хочаш зьмяніць сьвет? Папрацуй на фэрме!

У ЗША назіраецца бум цікаўнасьці студэнтаў да працы на зямлі: гэтым летам колькасьць амэрыканскіх студэнтаў, якія вырашылі пастажыравацца на фэрмах, стала непараўнальна высокай. Нехта хоча зьмяніць сьвет, а нехта — сваё жыцьцё. 

Што з гэтага выходзіць, высьвятляе The New York Times.

Эрын Аксэльрод, якая нядаўна скончыла каледж са ступеньню бакаляўра ў гарадзкіх дасьледаваньнях, больш ня будзе з раніцы змагацца за ванну зь яе пяцьцю суседзямі па пакоі. Замест гэтага яна пераселіцца ў намёт і будзе карыстацца прыбіральняй на вуліцы, бо зоймецца ўборкай гародніны на фэрме каля Пэталума ў Каліфорніі.

Джына Рунфола, студэнтка ангельскай філялёгіі, цяпер корміць авечак у якасьці стажора на фэрме ў штаце Нью-Ёрк. Яна была адной з больш чым 20 прэтэндэнтаў на гэту працу.

 

Нехта шукае перадышку ад надакучлівых прафэсараў, нехта зьбіраецца зьмяніць харчовую палітыку і сьвет да лепшага, і зусім невялікая частка стажораў зьбіраецца ў будучым заснаваць сваю фэрму. Затое фэрмэры і чыноўнікі не нарадуюцца: такога росту моладзі, якая жадае правесьці лета, а то і цэлы год на фэрмах, не было даўно.

Асаблівасьць гэтага году — імкненьне студэнтаў працаваць менавіта на фэрмах, якія займаюцца натуральнай сельскай гаспадаркай, дзе асноўную працу выконваюць людзі, а не машыны. Бо прадукты тут — экалягічна больш чыстыя.

19-гадовы Алекс Лэйблан вырашыў правесьці на фэрме цэлы год. Ён кінуў свае заняткі біялёгіяй у каледжы і падаўся на ўжо трэцяю для яго стажыроўку на фэрме. Бацькі Алекса — інвайрамэнталісты, якія ў свой час адмаўляліся вазіць сына на заняткі ў хакейны клюб, што, на іх думку, зьніжала забруджваньне навакольнага асяродзьдзя.

«Я ня ўпэўнены, што магу перамагчы афрыканскую беднасьць альбо ўплываць на палітыку Вашынгтона, — кажа ён, — але на фэрме я бачу плён маёй працы». Тым больш жыцьцё па-за горадам мае свой рытм, які пакідае ня надта шмат часу на балбатню па мабільніку альбо бясконцае камэнтаваньне ў фэйсбук.

Хаця для вялікай часткі падобных стажораў менавіта ідэалістычныя і палітычныя погляды становяцца галоўным чыньнікам імкненьня працаваць на ня надта аплачваемай, бруднай і цяжкой працы. Некаторыя студэнты вельмі сур’ёзна ставяцца да стану экалёгіі і заўважаюць любыя промахі на фэрмах. Адна стажорка ў Фларыдзе нават спрабавала скласьці скаргу на фэрму, дзе працавала, з-за таго, што на ёй выкарыстоўваліся антыбіётыкі. Але яна ня ведала, што таблеткі ў дадзеным выпадку дазволеныя законам.  


Алекс Лэйблан кінуў біялёгію і ўзьяднаўся з прыродаю. Ужо трэці раз

Хаця вяртаньне да каранёў ня ўсюды адбываецца абсалютна бязбольна: «Раней я хацеў нарадзіцца ў 60-ых гадах, цяпер такога жаданьня больш няма», — кажа 20-гадовы стажор Кац, праца якога на фэрме стала вынікам цікаўнасьці да праблем экалёгіі.

Некаторыя студэнты банальна хаваюцца ад праблем, як 22-гадовая студэнтка Рунфола. Дакладней, былая студэнтка Ўнівэрсытэту Нью-Ёрка. Яна кінула гэты ўнівэр нядаўна ў пошуках больш таннага месца навучаньня: «гэта проста перадышка для мяне, пакуль ня вызначуся са сваім далейшым крокам», — кажа яна.

«Многія з гэтых студэнтаў вельмі ідэалістычна ставяцца да земляробства», — кажа спадарыня Адамс, якая займаецца рассылкай жадаючых па фэрмах. Многія зь іх проста не ўяўляюць, куды едуць. Яны проста хочуць паспрабаваць нешта новае.

Незабыўныя вандроўкі «на бульбу» для кожнага беларускага студэнта зусім нядаўна яшчэ былі надзённай рэальнасьцю, а не імкненьнем спазнаць нешта новае. Хто яго ведае, можа праз шмат год унукі сучасных менскіх студэнтаў таксама будуць удзельнічаць у конкурсах на атрыманьне мястэчка ў калгасе на лета?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0945 seconds.