Малочная фэрма прэзыдэнта Мугабэ атакаваная кампаніяй у Сеціве

Пад ціскам кампаніі ў сацыяльнай сетцы Facebook швэйцарская карпарацыя Nestle вымушаная была адмовіцца ад прадукцыі малочнай фэрмы, валодае якой жонка прэзыдэнта Зымбабвэ Грэйс Мугабэ.


Робэрт Мугабэ і яго жонка Грэйс. Фота REUTERS

На працягу 7 месяцаў паўднёваафрыканскае прадстаўніцтва Nestle набывала малако для сваёй вытворчасьці на фэрме Мугабэ. Але ў выніку распачатай на мінулым тыдні кампаніі ў Сеціве, у ходзе якой гучалі заклікі абвесьціць байкот Nestle, карпарацыя была вымушаная адмовіцца ад «скандальнага» малака.

Асноўны ўдар па малаку зымбамбвійскага дыктатара нанесьлі шматлікія групы на Facebook. Колькасьць удзельнікаў некаторых зь іх перавысіла 8 000 чалавек, паведамляе WA today.

Папярэдні ўладальнік малочнай фэрмы вымушаны быў адмовіцца ад яе з-за ціску з боку ўраду Зымбабвэ. Большая частка белых уладальнікаў фэрмаў была выгнаная за межы краіны. У выніку Зымбабвэ захлынула эканамічны крызыс, а пасьля і катастрофа.

Супраць Робэрта Мугабэ, яго сям’і і шэрагу зымбамбвійскіх афіцыйных асобаў уведзеныя санкцыі з боку ЗША і Эўразьвязу. Але, паколькі Швэйцарыя не ўваходзіць у ЭЗ, кампанія Nestle магла спакойна супрацоўнічаць зь сям’ёй дыктара.

Прадстаўнікі Nestle заявілі, што адмаўляюцца ад прадукцыі малочнай фэрмы з-за вялізарнай колькасьці крытыкі з усяго сьвету, перш за ўсё зь Вялікабрытаніі і Паўднёвай Афрыкі.

Зымбабвэ, якой Мугабэ бесперапынна кіруе на працягу 22 год, працягвае заставацца адной з самых бедных краін у сьвеце. Нядаўна ў выніку гіперінфляцыі там былі вымушаныя адмовіцца ад нацыянальнай валюты і перайсьці ва ўнутраных разьліках на даляры ЗША.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4304 seconds.