Міліцыя канстатуе велізарны рост колькасьці судзімых і зьдзейсьніўшых злачынства падлеткаў

У Менскай вобласьці за апошні год на 42,6% павялічылася колькасьць падлеткаў, якія былі асуджаныя альбо зьдзейсьнілі злачынства. Асабліва цяжкая сытуацыя ў сельскай мясцовасьці, дзе моладзі проста няма чым сябе заняць, прызнаецца кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў.

Колькасьці беларускіх падлеткаў, судзімых альбо зьдзейсьніўшых злачынства, павялічылася ў сярэднім на 11,5%. Аб гэтым заявіў кіраўнік упраўленьня прафіляктыцы ГУАПД МУС палкоўнік міліцыі Раман Мельнік. Адбылося гэта пад час прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам праграмы МУС па прадухіленьні злачынстваў у падлеткавым асяродзьдзі «Клопат».

Найбольш неспрыяльная сытуацыя, па словах спадара Мельніка, назіраецца ў Менскай воласьці. Ну другім месцы ідзе Гомельская вобласьць, якая паказала рост у 19,7%.

Сярод асноўных прычын росту падлеткавага злачынства прэс-служба МУС вылучае адсутнасьць аналізу стана правапарадку ў падлеткавымі асяродзьдзі. Некаторыя аддзяленьні альбо фармальна падыходзяць да гэтага пытаньня, альбо зусім яго ігнаруюць.

МУС таксама адзначае, што ня поўнасьцю выкарыстоўваюцца магчымасьці ўстаноў культуры і адукацыі, каб весьці прафіляктыку правапарушэньняў сярод падлеткаў. Асабліва неспрыяльная сытуацыя ў сельскай мясцовасьці, дзе шматлікім непаўналетнім проста няма чым сябе заняць.

Паводле Ежедневник

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.