Белтэлекам акцыянуюць. Што далей?

Дзяржаўнага манапаліста ў галіне электрасувязі РУП «Белтэлекам» усё ж такі акцыянуюць да канца году. Але гэта яшчэ ня значыць, што кампанія будзе прададзеная. Хаця лягічным крокам пасьля ператварэньня РУП у ААТ стаў бы продаж прадпрыемства, што можа вельмі моцна паўплываць на беларускі рынак сувязі.

На мінулым тыдні Белтэлекам трапіў у сьпіс дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў, якія будуць акцыянаваныя яшчэ да пачатку 2010 году. За тыдзень да зьяўленьня гэтай навіны міністар сувязі адзначыў, што «не выключае» магчымасьці акцыянаваньня кампаніі згодна з патрабаваньнямі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

Аднак, па словах міністра, прадаваць зьверхпрыбытковую кампанію (балянсавы прыбытак кампаніі за 2008 год склаў $77 мільёнаў, а рэнтабэльнасьць — каля 17%) пакуль ніхто не зьбіраецца.


Тэлефонная сувязь дагэтуль застаецца ў Беларусі сацыяльна значнай паслугай. Фота таксафону з Музэю сувязі Белтэлекаму

Часткова прыватызаваць Белтэлекам плянавалася яшчэ ў 2006 годзе. Зрабіць гэта было вырашана пад ціскам працоўнай групы па ўступленьню Беларусі ў СГА. Яшчэ ў 2001 годзе манаполія Белтэлекаму, які тады валодаў адзіным беларускім GSM-апэратарам Velcom, была адным з галоўных пытаньняў на перамовах з СГА.

За восем гадоў Беларусь так нікуды і не ўступіла, але ж манаполія засталася (цяпер, праўда, Белтэлекам кантралюе буйнейшы мабільны апэратар МТС). У 2008 годзе для ўступу ў СГА ад Беларусі патрабавалі адмену манаполіі Белтэлекаму на пропуск міжнароднага трафіку і злучэньня беларускіх сетак электрасувязі з астатнім сьветам.

У 2008 годзе Палатай прадстаўнікоў, а пасьля і Саветам Рэспублікі былі прынятыя папраўкі ў закон «Аб электрасувязі», у якіх галоўныя патрабаваньні СГА былі выкананыя.

«Пляны па дэманапалізацыі рынку паслуг электрасувязі шмат у чым абумоўленыя намерам Беларусі ўступіць у СГА», — заявіў тады кіраўнік профільнага камітэту ніжняй палаты парлямэнту Сяргей Сямашка.

Аднак прэзыдэнт папраўкі не падпісаў, абгрунтаваўшы гэта тым, што адмяняць манаполію рана, да таго ж закон прадугледжваў значнае павышэньне вартасьці тэлефоннай сувязі, якая ў Беларусі ёсьць «сацыяльна значнай паслугай».

Такім чынам было вырашана пакінуць кошты на стратную паслугу бяз зьменаў, а Белтэлекам чарговы раз захаваў манаполію і працягваў кампэнсаваць выдаткі на забесьпячэньне таннай, але ўжо малапатрэбнай тэлефоннай сувязьзю зьверхпрыбыткамі ад параўнальна дарагога доступу ў Інтэрнэт.

І вось дзяржава робіць новы крок у імкненьні зьмяніць сытуацыю ў электрасувязі. 

Лібэралізацыя на гэтым рынку прывяла б да зьяўленьня альтэрнатыўных гульцоў, канкурэнцыі і, адпаведна, зьніжэньню тарыфаў на міжнародныя тэлефанаваньні і доступ ў Інтэрнэт, пракамэнтаваў для naviny.by апошнія паварот у гэтай гісторыі кіраўнік Асацыяцыі арганізацый інфармацыйных і камунікацыйных тэхналёгій «Белінфаком» Андрэй Нарэйка.

Ёсьць меркаваньне, што тэрміновае акцыянаваньне не зьвязанае з працэсам уступу ў СГА, тым больш працэс гэты з далучэньнем да Беларусі іншых няўдачнікаў: Казахстану і Расеі — стане яшчэ больш марудны. У любым выпадку, продаж нават чвэрці акцый вельмі прыбытковай кампаніі можа прынесьці дзяржаве неблагія грошы, што ў часы крызысу каштуе шмат чаго.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.