У Менску адчыніцца фотавыстава «Сьвет вітае паслоў джазу»

Адмысловая калекцыя фотаздымкаў і дакумэнтаў расказвае гісторыю падарожжаў легендарных амэрыканскіх джазавых музыкантаў пад эгідай Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Выстава будзе працаваць з 15 па 25 верасьня ў Менскай абласной публічнай бібліятэцы імя Пушкіна.

З сярэдзіны 1950-х і да канца 1970-х гадоў Дызі Гілеспі, Луі Армстранг, Дэйв Брубэк, Дзюк Элінгтан, Бэні Гудмэн і іншыя зоркі джазу выступалі ў ролі дыпляматаў ад культуры, заваёўваючы сяброў для Амэрыкі ва ўсіх кутках Зямлі, уключаючы Беларусь і іншыя савецкія рэспублікі. Для такой дыпляматыі не існавала палітычных, эканамічных і культурных межаў.


Выява з старонкі выставы Jam Session: America’s Jazz Ambassadors Embrace the World

Матэрыялы выставы — 55 экспанатаў з фатаграфіямі і архіўнымі дакумэнтамі — дэманструюць яскравыя моманты з турнэ амэрыканскіх музыкаў, якія наведалі 30 краін на чатырох кантынэнтах, і дазваляюць адчуць унікальную атмасфэру гэтай пасьпяховай дыпляматычнай ініцыятывы. Канцэрты славутых выканаўцаў наведалі мільёны людзей, атрымаўшы асалоду ад мноства разнастайных стыляў і варыяцый выдатнага амэрыканскага мастацтва пад назваю джаз.

У межах выставы ў Менскай абласной публічнай бібліятэцы імя Пушкіна пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных джазавай музыцы.

  • 15 верасьня, 18:00 — «Вэб-навігатар». Агляд джазавых інтэрнэт-рэсурсаў.
  • 16 верасьня, 18:00 — «Легенды джазу». Паказ дакумэнтальнага фільму з калекцыі Пушкінскай бібліятэкі.
  • 17 верасьня, 19:00 — «Вялікія вечары джазу». Жывы джазавы канцэрт.
  • 21 верасьня, 18:00 — «Мой джаз». Гутарка з амэрыканскім госьцем.
  • 22 верасьня, 18:00 — «Знаёмства з джазам». Прэзэнтацыя па гісторыі амэрыканскага джазу.
  • 23 верасьня, 16:00 — «Гарадзкая скарбніца джазу». Агляд джазавых рэсурсаў менскіх бібліятэк.
  • 25 верасьня, 16:00 — Джазавы вакальны конкурс «JAmSlam». Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя ва ўзросьце ад 15 да 30 гадоў, здольныя творча выканаць джазавыя нумары. Удзельнікі выконваюць уласныя паэтычныя творы ў джазавым стылі. Творы могуць выконвацца як пад фанаграму «мінус адзін», так і без фанаграмы. Выкананьне пад жывую музыку не прадугледжваецца. Творы могуць выконвацца на беларускай, рускай ці ангельскай мове. Зарэгістравацца для ўдзелу ў спаборніцтве можна па электронным адрасе: jamslam@usembassy.minsk.by альбо па тэлефоне +375 (17) 211-06-76.

Выстава працуе з панядзелка па пятніцу, а таксама па нядзелях, з 10:00 да 19:00 па адрасе: Менск, Гікала 4. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне (172) 293–6924.

Паводле сайту Амбсады ЗША

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.