Месцы ў інтэрнатах атрымалі толькі 50% студэнтаў БДУ

У новым навучальным годзе месцы ў інтэрнатах змаглі атрымаць пяць з паловаю тысяч студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Гэта прыкладна палова тых, каму патрэбна жытло.

Дырэктар студэнцкага гарадку БДУ Міхаіл Чарапеньнікаў паведаміў БелаПАН, што 25% месцаў аддадзеныя першакурсьнікам, яшчэ 20% — замежным студэнтам. На астатнія 55% месцаў студэнтаў засялялі ў парадку чаргі.

Дырэктар студгарадку адзначыў, што ня ўсім замежным студэнтам даюцца месцы ў інтэрнатах. Абавязкова засяляюць толькі замежнікаў, якія навучаюцца на падрыхтоўчым і першым курсах.

Па словах спадара Чарапеньнікава, некаторыя беларускія студэнты, якія пражылі некалькі гадоў у інтэрнаце, сёлета пазбавіліся такой магчымасьці ў сувязі з пагаршэньнем пасьпяховасьці.

Аднак, як сьцьвярджаюць некаторыя студэнты, іх высяленьне зь інтэрнату не зьвязанае з узроўнем пасьпяховасьці.

«У мяне быў высокі сярэдні бал: 9,8 — за зімовую сэсію і 9,2 — за летнюю, — распавяла студэнтка 4-га курса факультэта журналістыкі БДУ Людміла Мінкевіч. — Акрамя таго, я зьяўляюся старастай групы, удзельніцай навуковых канфэрэнцый і спартовых мерапрыемстваў. Мяне павінны былі засяліць, але ў студгарадку сказалі, што трэба засяліць 25% першакурсьнікаў».

Тры гады таму 75% студэнтаў БДУ, з тых, хто чакаў засяленьне ў інтэрнат, змаглі ажыцьцявіць свае пляны.


Праект студэнцкай вёскі, які канчаткова быў зацьверджаны ў пачатку 2009 г

БДУ мае 10 інтэрнатаў. У адным зь іх — № 7 — цяпер ідзе капітальны рамонт. Мяркуецца, што пасьля рамонту туды змогуць засяліцца 1.200 чалавек. Аднак, як адзначае DW-WORLD, кіраўнік упраўленьня разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава кажа, што прыняць студэнтаў інтэрнат зможа «толькі ў наступным годзе, але гэта пры ўмове, што фінансаваньне рамонту ня будзе скарочанае».

Акрамя таго, сёлета плянуецца здаць у эксплёатацыю новы інтэрнат БДУ у студэнцкай вёсцы, разьлічаны больш як на тысячу месцаў. Але нават гэта ня вырашыць праблему іншагародніх студэнтаў. Сканчэньне ўсіх прац у комлексе студэнцкіх інтэрнатаў варта чакаць у 2011 годзе. Пакуль большасьць аб’ектаў вёскі можна ўбачыць толькі на чарцяжах і макетах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0067 seconds.