Фольк-фэст «Камяніца» абяцае прэм’еры ад Kriwi, «Стары Ольса» і «Джамбібум»

У суботу 12 верасьня сярод маляўнічых краявідаў Музэю народнай архітэктуры і побыту пад Менскам упершыню адбудзецца фольк-фэст«Камяніца» — на ім пад адкрытым небам выступяць беларускія фольк-гурты розных напрамкаў. Грошы за ўваход ідуць на рахункі музэю.

На фэсьце мае адбыцца шэраг прэм’ер. Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» працягне лінію сёлетняга танцавальнага альбому «Дрыгула» і ў дадатак да яго зайграе яшчэ некалькі новых кампазыцый з «Полацкага сшытку». Пост-фолк-гурт «Джамбібум» будзе граць лёгкі акустычны сэт, у межах якога ў новых вэрсіях прагучаць песьні з мінулагодняга дыска «Жавароначкі» («Прыз замежных экспэртаў» на ўзнагародах «Experty.by» па выніках 2008 году), а таксама некалькі новых кампазыцый.

Але найбольш «прэм’ерным» будзе выступ гурта Kriwi — калектыў на чале зь Веранікай Кругловай вяртаецца на радзіму з новым гучаньнем.

«Гэта першы наш выступ у Беларусі за некалькі год і пачатак вяртаньня на постсавецкую музычную прастору, — распавядае Вераніка. — Зараз мы гучым больш яскрава, больш пазытыўна, больш экстравертна. Граем джаз-этна, клаб-этна, нью-фолк. Выканаем новыя песьні, але й на старыя хіты не забудземся».

Сярод удзельнікаў фэсту таксама гурты «Нагуаль» (жывы фольк-транс), «Гаротніца» (балкан/клезмэр/ска), «Кейлі-кёл» (ірландская музыка).

Кошт квіткоў на мерапрыемства — 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Наведнікі будуць мець магчымасьць ня толькі паслухаць музыку, але й паглядзець усю экспазыцыю (аўтэнтычная драўляная архітэктура 18–20 стагодзьдзяў з розных куткоў Беларусі) — уваход адчыняецца ў 10 гадзін раніцы. Фэст працягнецца з 15 да 21 гадзіны. Даведка: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.

Папярэдняя рэгістрацыя, дадатковая інфармацыя і відэа ўдзельнікаў на сайце fest.kamyanitsa.by.

11:50, 09/09/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0549 seconds.