«Буревестник» анансаваў новы альбом «Ляпіса Трубяцкога»
«Ляпіс Трубяцкой» выклаў у Сеціва кліп на песьню «Буревестник» — першы сынгл з новага альбому «Культпросвет», які мае выйсьці 1 верасьня. Ідэю гэтага роліка прапанаваў Сяргей Міхалок, ён жа сыграў у ім галоўную ролю — рэвалюцыйнага паэта-футурыста Ўладзіміра Маякоўскага. Па словах Міхалка, гэты кліп — візуальная ілюстрацыя паэтычна-музычнага сьветапогляду сучасных «Ляпісаў».
«Мы сябе лічым нэафутурыстамі. І не хаваем, адкуль растуць ногі „Буревестника“: з кубафутурызму і супрэматызму Малевіча, з агітак і лёзунгаў „Окон РОСТа“. А яшчэ ў гэтым кліпе мы паспрабавалі ўявіць, як бы сучасныя жыцьцёвыя рэаліі маглі быць адлюстраваныя ў плякатах рэвалюцыйнага маскульта».
Усе музыкі «Ляпіса Трубяцкога» зьяўляюцца ў кліпе ў вобразах славутых літаратараў: Павал Булатнікаў у вобразе Пушкіна ў кампаніі Горкага, Талстога, Лермантава, Гогаля і Ясеніна. Таксама ў роліку ўдзельнічае яшчэ некалькі дзесяткаў герояў — спартсмэны і працоўныя, сялянкі і настаўнікі, салдаты і матросы. Усе яны спачатку былі зьнятыя на відэа, а потым ператварыліся ў герояў ажыўшых плякатаў. Менавіта спалучэньне відэаздымак і ручной, не кампутаровай анімацыі і тлумачыць працягласьць працы над кліпам — каля шасьці месяцаў. Прычым герояў роліка сыгралі не акторы.
Сяргей Міхалок: «У гэтым роліку здымаліся людзі, зь якімі мы камунікуем па жыцьці, якія сваім прыкладам, дасягненьнямі ў спорце, навуцы і мэдыцыне, даказваюць: час герояў, бунтароў, нонканфармістаў не застаўся ў мінулым. Нам вельмі прыемна, што ў „Буревестнике“ зьняліся вядомыя спартсмэны — пяціразовы чэмпіён па тайскаму боксу Віталь Гуркоў, чэмпіён Эўропы па вэрсіі EBA у супэрцяжкой вазе Аляксандар Усьцінаў, а таксама трэнэры па бодыбілдынгу і проста нашыя добрыя сябры. Гэта не рафінаваныя і экзальтаваныя акторы, а рэальна крутыя мужыкі».
Разам з кліпам музыкі выклалі для вольнага спампоўваньня новую песьню «Болт».
Паводле прэс-рэлізу