Skype пагражае нацыянальнай бясьпецы Расеі

Расея рыхтуецца пайсьці ўсьлед за некаторымі іншымі краінамі і абмежаваць разьвіцьцё Skype. Лобі мабільных апэратараў зьбіраецца падрыхтаваць папраўкі ў заканадаўства, якія рэгулююць працу гэтага сэгмэнта рынку, каб абараніць інтарэсы сотавых кампаній. Адзін з аргумэнтаў, які дапаможа заручыцца падтрымкай улады — гутаркі з выкарыстаньнем Skype не паддаюцца праслухоўцы.

IP-тэлефанія ў Расеі не паддаецца прававому рэгуляваньню, і гэта неабходна выправіць. Да такіх вынікаў прыйшла спэцыяльная камісія, якая складаецца пераважна з прадстаўнікоў сотавых кампаній. Вядома, што мабільныя апэратары пачынаюць несьці страты з-за пераходу кліентаў на Skype і іншыя праграмы, якія дазваляюць тэлефонную інтэрнэт-сувязь.

Бізнэсмэны адзначаюць, што Skype-размовы вядуцца без усялякага кантролю з боку дзяржавы. Да таго ж такія праграмы як Skype не даступныя для цэнтралізаванай сыстэмы праслухоўкі, а кампаніі-вытворцы праграм ня плацяць у Расеі падаткі.

«Без абмежаваньняў з боку дзяржавы IP-тэлефанія выклікае некаторы непакой адносна нацыянальнай бясьпецы», — гаворыцца ў распаўсюджаным прадстаўнікамі камісіі прэс-рэлізе.

Трэба адзначыць, што нідзе ў сьвеце прававога рэгуляваньня гэтай сфэры пакуль няма. Пры гэтым рынак IP-тэлефаніі павялічваецца ў разы хутчэй, чым рынак традыцыйнай галасавой сувязі. Так, на думку старшага віцэ-прэзыдэнта ЗАТ «Кампанія Транстелеком» Віталія Котава, да 2012 году 40% расейскага сеціўнага трафіку будзе займаць IP-тэлефанія.

Такая сытуацыя, вядома, наносіць вялікую шкоду інтарэсам сотавых кампаній.

Экспэрты баяцца, што тэлекамунікацыйныя кампаніі пойдуць па лёгкім шляху забароны, якім ужо карысталіся ў некаторых краінах. Так, у Кітаі ў 2006 годзе забаранілі выкарыстаньне IP-тэлефаніі, у тым ліку і з дапамогай праграмы Skype, з-за таго, што сэрвісы Skype пачалі вельмі актыўна прыцягваць кліентаў дзяржаўных тэлефонных кампаній, якія прадстаўляюць звычайную тэлефонную сувязь. Цяпер, аднак, Skype там працуе, але ўсе размовы палітычна актыўных кітайцаў праслухоўваюцца.

Карыстальнікі iPhone з Канады таксама сутыкнуліся з забаронай на выкарыстаньне сэрвісаў Skype, бо, паводле канадзкага заканадаўства, апэратар сувязі павінен у любы момант, у мэтах бясьпекі, вызначыць месцазнаходжаньне суразмоўцаў, а ў IP-злучэньні не прадугледжана вызначэньне нумароў.

Два найбуйнейшых брытанскіх апэратары сотавай сувязі — Orange і O2 — зьвярнуліся да Nokia з патрабаваньнем прыбраць Skype з новых апаратаў N97, інакш яны проста адмовяцца прадаваць іх. Большасьць апэратараў у ЗША таксама блякуюць званкі па Skype праз свае сеткі, пакідаючы карыстальнікам толькі Wi-Fi .

Але экспэрты лічаць такія паводзіны недальнабачным. «Блякаваньне трафіку — ня вельмі ўдалы шлях захаваньня канкурэнтаздольнасьці ў параўнаньні з добрай якасьцю сувязі і нізкімі коштамі, — кажа аналітык Mail.Ru Дзьмітры Рябінін. — Хутчэй за ўсё, сотавыя апэратары немінуча зразумеюць неабходнасьць каапэрацыі з гульцамі гэтага рынку — гэта будзе выгодна для ўсіх бакоў», — верыць экспэрт.

Паводле Gazeta.ru

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.