Прычынаў ліквідацыі міжнароднага гуманітарнага інстытуту не паведамляюць

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук адмовіўся назваць сапраўдныя прычыны ліквідацыі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту пры Белдзяржунівэрсытэце. Рэктарат навучальнай установы спрабуе знайсьці кампраміс зь Міністэрствам адукацыі. ­

На навуковай радзе Белдзяржунівэрсытэту 18 верасьня выкладчыкі абмяркоўвалі сытуацыю, у якую трапіў Міжнародны гуманітарны інстытут. На паседжаньне прыйшлі прадстаўнікі амэрыканскай, нямецкай, ізраільскай амбасадаў, а таксама габрэйскіх арганізацыяў. З боку Міністэрства адукацыі прысутнічаў намесьнік міністра Аляксандар Жук. Неаднаразова да яго зьвярталіся з просьбай патлумачыць сапраўдную прычыну закрыцьця інстытуту, але ён паведаміў, што рашэньне аб закрыцьці мае канфідэнцыйны характар. Гэта выклікала шмат пытаньняў у прысутных. Больш за дзьве гадзіны абмяркоўвалі розныя варыянты захаваньня калектыву, але канчатковага рашэньня не прынялі.

Выкладчыкі інстытуту занепакоеныя тым, што ў краіне больш ня будуць выкладацца ўнікальныя для сучаснай беларускай сыстэмы адукацыі дысцыпліны.

Нагадаем, міжнародны гуманітарны інстытут адкрылі ў 1999 годзе пры Белдзяржунівэрсытэце. Яго фінансавалі замежныя партнэры, у тым ліку Ерусалімскі ўнівэрсытэт. У гэтым навучальным годзе мусілі выдаць першыя дыплёмы паралельна з дыплёмамі Ерусалімскага ўнівэрсытэту.

Загадчыца катэдры юдаікі Галіна Сініла спаслалася на тое, што амаль ва ўсіх прэстыжных унівэрсытэтах выкладаюць гэтыя дысцыпліны.

(Сініла: ) “Казалі, што беларускі ўнівэрсытэт усё болей уваходзіць у праграму міжнародных зносінаў. Цяпер… Адназначна рэагуюць калегі, якія зьвязаныя з грамадзкімі арганізацыямі. Якія б ні былі ўнутраныя спрэчкі, гэта ня будзе аргумэнтам для сусьветнай грамадзкай думкі. Бачыцца гэта, як пэўны наступ на вызначаныя нацыянальнасьці. Сярод нашых студэнтаў габрэяў абсалютная меншасьць. У нас вучацца дзеці ад зьмешаных шлюбаў, беларусы, расейцы і нават грэкі. Папросту габрэйская культура, як і антычная, стаіць ля вытокаў цывілізацыі. Мы ўсе даўно завязаныя на біблейскай сьвядомасьці. Разгорнеш “Біблію” — а там габрэі і габрэі… Што ж зь імі рабіць?..”

Намесьнік рэктара гуманітарнага інстытуту Ігар Духан паведаміў Радыё Свабода:

(Духан: ) “Гэта быў інстытут, які дынамічна разьвіваўся і ўпершыню ажыцьцявіў у Беларусі праграму па юдаіцы сумесна зь Ерусалімскім унівэрсытэтам. Але гэта не адзіны напрамак дзейнасьці міжнароднага інстытуту. Усе яго разнастайныя міжнародныя праграмы зь Нямеччынай, Расеяй, ЗША, Ізраілем ды іншымі партнэрамі могут быць абарваныя. Канечне, гэта трагічная сытуацыя. Між іншым, аналягічныя цэнтры юдаікі ёсьць у Маскоўскім і Пецярбургскім унівэрсытэтах, але там гэта не выклікае ніякіх пытаньняў. Яны падтрымліваюцца і дзяржавай, і ўнівэрсытэтамі”.

На навуковай радзе аднагалосна выказаліся за тое, каб стварыць камісію, якая будзе займацца справай уратаваньня ўнікальнай навучальнай установы. 23 верасьня на паседжаньні навуковай рады будуць прымаць рашэньне наконт далейшай тактыкі.

//Радыё "Свабода"

00:00, 18/09/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.