28 – 30 жніўня музычны фэст і шоў фэервэркаў пад Менскам

У апошнія выходныя лета публіку чакае нешта новенькае: на працягу трох дзён у комплексе «Лагойск» пройдзе вялікі фэст фэервэркаў, у межах якога выступіць некалькі папулярных беларускіх музычных гуртоў, а таксама вядомых ды-джэяў. Хэдлайнэрам фэсту стане гурт «Ляпіс Трубяцкі».

Першы міжнародны фэст фэервэркаў «Навальніца» будзе праходзіць тры вечары і дзьве ночы. У кожны зь вечароў (з 20.00 да 23.30) заплянавана па два конкурсных выступы піратэхнічных камандаў і канцэрты рок-музыкі. Музычным хэдлайнэрам 28 жніўня будзе «J: морс», 29 жніўня - «Ляпіс Трубяцкі», 30 жніўня - «Палац».

Пасьля завяршэньня «вечаровай» праграмы ў першыя два дні будзе яшчэ і «начная» (23.30 — 5.00), у рамках якой выступяць ды-джэі — DJ Top, DJ I.F.U., DJ Arsenti Tchouprina, DJ Shishkin, DJ Light PM. У трэці дзень начной праграмы ня будзе, затое гледачоў чакае гранд-фэервэрк ад арганізатараў фэсту — беларускай каманды «Кальвін», пераможца чэмпіянату Эўропы 2007 г.

Майстэрства ладзіць фэервэркі пакажуць каманды з Францыі, Нямеччыны, Чэхіі, Славакіі, Латвіі і Літвы, уладальнікі ўзнагародаў буйных міжнародных чэмпіянатаў, фэстаў і конкурсаў. Усе яны прывязуць адмыслова падрыхтаваныя праграмы, якія будуць ацэньваць ня толькі гледачы, але і сябры міжнароднага журы, якое па выніках фэсту вызначыць пераможцаў.

«Выступ кожнай каманды на нашым фэсьце па рэглямэнце павінен уключаць каля 5 тысяч зарадаў рознага калібру, але ня гэта галоўнае, — кажа кіраўнік аргкамітэту фэсту Ігар Сідаравіч. — Усе выступы праходзяць пад адмыслова падабраную музыку, настрой і рытміку якой павінен адлюстроўваць фэервэрк. Гэта ня проста прыгожыя выбухі ў начным небе, а сапраўдная жывая карціна».

Да пляцоўкі фэсту можна дабрацца на асабістым транспарце ці на адмысловым аўтобусе, які ў дні правядзеньня мерапрыемства будзе хадзіць да фэставай пляцоўкі ад ст.м. «Усход». Кошт праезду ў абодва бакі — каля 3 000 руб.

Адзіны квіток на усе дні фэсту каштуе 100 тыс. руб., дзеці да 12 гадоў з бацькамі — бясплатна. Квіткі на асобныя дні 45 тыс. руб. (28 і 30 жніўня) і 60 тыс. руб. (29 жніўня). З набліжэньнем фэсту кошты будуць расьці. Квіткі можна набыць у касах Палаца Рэспублікі і КЗ «Менск», а таксама на сайце www.soundline.by.

Больш інфармацыя пра фэст на яго сайце.

12:27, 20/08/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0565 seconds.