Забаўляльныя сайты падвышаюць прадукцыйнасьць працы

Калі вы сядзіце ў офісе і, замест таго каб плённа працаваць, сёрфіце па Generation.bY, то для вас ёсьць добрыя навіны. Па-першае, прыкладна тое ж самае робіць 2 з 3 супрацоўнікаў вашай кампаніі, а па-другое, сёньня вы зробіце сваю працу на 9% эфэктыўней. Да такіх высноваў прыйшлі аўстралійскія навукоўцы, якія высьветлілі, што наведваньне «левых» сайтаў станоўча ўплывае на прадукцыйнасьць офісных супрацоўнікаў.

Згодна зь інфармацыяй, атрыманай дасьледчыкамі ўнівэрсытэту Мэльбурна, прагляд забаўляльных сайтаў на працы станоўча адбіваецца на хуткасьці і эфэктыўнасьці працы «офіснага плянктону».

«Супрацоўнікі, якія ў пошуках забавак лазяць па Сеціве падчас працы, вядома, ня больш за 20% працоўнага часу, выконваюць заданьні на 9% эфэктыўней тых, хто ўвесь час марнуе толькі на свае працоўныя абавязкі», — кажа кіраўнік групы навукоўцаў доктар Брэнт Кокер (Brent Coker).

Такім чынам, наведваньне сацыяльных сетак і навінных рэсурсаў можна параўнаць з перапынкам на абед ці перакурам, якія падвышаюць канцэнтрацыю увагі.

«Кампаніі трацяць мільёны на праграмнае забесьпячэньне, якое аднімае ў іх супрацоўнікаў магчымасьці праглядаць YouTube, карыстацца такімі сацыяльнымі сеткамі, як Facebook, альбо рабіць шопінг. І робіцца гэта пад маркай таго, што кампаніі губляюць вялікія грошы, бо супрацоўнікі губляюць у прадукцыйнасьці. Як бачна, гэта не заўжды так», — дадае доктар Кокер.

У дасьледаваньні ўнівэрсытэту Мэльбурна ўзялі ўдзел 300 чалавек, 70% зь якіх сьцьвярджаюць, што часьцяком адцягваюцца на працы на прагляд сайтаў, не зьвязаных з працоўнай дзейнасьцю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2988 seconds.