«А гэты аўторак аўторкавы?»: Generation.bY сьвяткуе 100-ы Аўторак добрых людзей

«А гэты аўторак аўторкавы?» — пытаньне, якое звычайнага чалавека можа паставіць у ступар, але не «аўторкаўцаў». Калі мінулай восеньню я пачула такое пытаньне ў Бэрліне ад немца (прывет, Тобі!), я зразумела, што традыцыя офлайнаў Generation.bY ужо ня толькі беларуская. Стэрэатыпы, чуткі, байкі — вакол аўторкаў іх шмат. Ня буду іх выкрываць і распавядаць усю праўду:) Традыцыя «Аўторкаў добрых людзей» распачалася 4 гады таму. Наступны аўторак — аўторкавы, юбілейны, № 100.

4 гады таму ValerkaJurkas прапанавалі зьбірацца файным людзям, сябрам і іх знаёмым па аўторках — праз кожныя два тыдні. Бо ўсе вучацца, хто дзе, ці працуюць, а кантакты падтрымліваць ці знаёміцца з новымі людзьмі — рэч, якая ва ўсіх нас у крыві. Адна з першых фішак была — абмен фільмамі. А для пашырэньня кола камунікацыяў аўторкі «пасяліліся» на форумах Generation.bY (тады яшчэ на Studenty.by). І панеслася.

Традыцыйныя веснавыя музычныя аўторкі, адкрыцьцё сэзонаў: летні, восеньскі, зімні, вулічны; «кедавы» аўторак і «кучаравы», «паласаты» і «пасьлябасовішчны», «халастых людзей» і «футбольных аматараў» — тэматычныя і простыя аўторкі. На мапе нашых сустрэчаў розныя раёны Менску, Горадня, Сопат (Польшча), Вена (Аўстрыя), Украіна (Чорнае мора), Прага (Чэхія) і нават у Эквадоры паднімалі куфлі за аўторкі. На аўторках можна пачуць беларускую, ангельскую, нямецкую, украінскую, расейскую ды іншыя мовы.

У кожнага аўторку свая гісторыя, якая залежыць ад людзей, якія сабраліся. За 100 Аўторкаў добрых людзей мы сталі спэцамі па менскіх кавярнях і зручных месцах для збору на вуліцы.

З аўторкамі расьцем і мы, растуць тэхналёгіі, зьмяняюцца твары і якасьць здымкаў:) Першыя аўторкі здымаліся на легендарны Siemens M65 — адтуль і пайшла завядзёнка выкладаць фотакалажы пасьля аўторкаў, бо на вялікія здымкі магутнасьці мабілкі не хапала.

Запытваюцца, у чым сакрэт папулярнасьці аўторкаў? Ня ведаю, у кожнага свой сакрэт. У добрых людзях, мабыць. У адсутнасьці фармату. У традыцыі. У тым, што пачатак тыдня можа быць прыемным.

Памятаю аўторкі, калі першы раз прыйшоў kvasir, калі «людзей у кедах» шукаў bezuher, калі з шакаляднымі цыгарэтамі прыйшоў chegor, калі прыйшла разьвіртуальвацца баскетболам kira4ka, калі tyteishi пачаў ладзіць аўторкі добрых людзей у Горадні, калі прыйшоў Санёк Ракавец, а потым і ўся «IQ-шная групіроўка», калі далучыўся Vinsent, калі прыйшоў з сябрамі Volny, калі прыйшоў знаёміцца і практыкаваць беларускую Тобі… І шмат іншых гісторыяў, зь якіх пасьля пачаліся новыя.

Наступны аўторак — аўторкавы. № 100. Пазачарговы і няцотны. Юбілейны аўторак ладзім паміж звычайнымі аўторкамі добрых людзей. Адсьвяткуем музычнай, творчай паці ў клюбе «Графіці» 9 чэрвеня з выступамі музыкаў-наведвальнікаў аўторкаў: Rahis, IQ48, Band A, Vinsent. На мінулым аўторку жартавалі і ўяўлялі аўторак № 1000. Калі ў год у сярэднім 25 аўторкаў добрых людзей, то праз год 36 будзе й тысячны:) Але пакуль так далёка загадваць ня будзем. Наступны аўторак — аўторкавы, пасьля яго — таксама. Зычу добрых серад пасьля аўторкаў добрых людзей!

Як трапіць на 100-ы аўторак — у «аўторкаўскім» форуме. Фотарэпартажы з аўторкаў 2008 году - у публікацыі. Фота з аўторкаў 2009 у фотаблогу.

tarka 20:30, 04/06/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.