Толькі кашэрныя тэлефоны

Нацыянальная тэлекамунікацыйная карпарацыя Ізраілю прапануе новую паслугу — кашэрныя тэлефонныя карткі, зь якіх нельга будзе тэлефанаваць на ўнесеныя ў адмысловыя чорныя сьпісы нумары тэлефонаў.


Сярод забароненых для тэлефанаваньня сапраўднымі юдэямі нумароў — эратычныя сэрвісы, а таксама радыёнавіны, слухаць якія таксама ня надта кашэрна, лічаць у рабінаце, які і займаецца складаньнем чорнага сьпісу. Сьпіс мае назву «белая лінія» і рэгулюецца тэлекамунікацыйнай кампаніяй сумесна з духоўнымі дзеячамі Ізраілю.

Іншая паслуга кашэрных тэлефонных картак ад мясцовага белтэлекаму не парадуе тых, хто любіць пабалбатаць падчас шабату: у сьвяты для юдэяў сёмы дзень тыдня тэлефанаваньні абыдуцца ў 100 разоў даражэй. Нядрэнная нагода часьцей зьвяртацца да Бога, а не да зямных спраў.

Патэнцыйным карыстальнікам новых картак варта не забыцца набыць і кашэрны мабільны, які пазбаўлены ўсіх функцый акрамя галасавой.

Нагадаем таксама, што раней у Ізраілі ўжо было абвешчана пра стварэньне кашэрнага Інтэрнэту, які ўключыў толькі зацьверджаныя рабінатам сайты. Цяпер да кашэрнага Інтэрнэту габрэі дадаюць і кашэрны тэлефон.

Паводле www.vosizneias.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.