Як дабірацца да фэсту «Be2gether»?

12–14 чэрвеня на мяжы Літвы і Беларусі пройдзе трэці міжнародны фэст музыкі і мастацтваў «Be2gether». Паколькі пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі Літвы і на пэўнай адлегласьці ад буйных гарадоў, паўстае лягічнае пытаньне — як туды дабрацца? Аўто, цягнік, аўтобус — чытаем інструкцыі па даезьдзе.


Аўтамабілісты напэўна ў першую чаргу задумаюцца пра тое, каб выправіцца туды на машыне. Да замка Нарвілішкес ад Менску каля 200 кілямэтраў. Гэта па маршруце Ліда — Шальчынінкай — Дзевянішкес — Даўленай — Нарвілішкес. А можна заехаць на шпацыр у Вільнюс, хоць гэта і адчувальна падоўжыць ваш шлях. У любым выпадку галоўнае — не забыцца аформіць да ўезду на тэрыторыю Літвы аўтамабільную страхоўку («зялёная карта», каштуе 30 эўра).


Тым не менш, да фэставай пляцоўкі можна цалкам спакойна дабрацца і без машыны. Для гэтага трэба да абеду 12 чэрвеня прыехаць у Вільню. Кожны дзень у 6.30 зь Менску туды ідзе цягнік, квіток на які каштуе ўсяго 23 тысячы. З аўтавакзалу «Ўсходні» у Вільню штодня адпраўляецца нямала аўтобусаў (падыходзяць 7.20, 8.20), кошт праезду ў якіх складае 37,5 тысячы рублёў. На любым з гэтых відаў транспарту можна дабрацца да сталіцы Літвы прыкладна за 4 гадзіны.


Затым трэба апынуцца на аўтавакзале Вільні. Гэта будзе нескладана, паколькі менавіта туды прыбывае аўтобус Менск — Вільнюс, а ад чыгуначнага вакзалу да яго пешшу ўсяго 3 хвіліны. 12 чэрвеня ў 11.00, 12.00, 13.40 і 14.35 з аўтавакзалу будуць адпраўляцца фэставыя аўтобусы да Нарвілішкес. Прычым у кожны паказаны час арганізатары абяцаюць падаць дастатковую колькасьць транспарту для ўсіх жадаючых. Кошт праезду да фэставай пляцоўкі складзе 18 літаў (каля 20 тысяч беларускіх рублёў).


Асноўныя выступы фэсту будуць праходзіць амаль кругласутачна з абеду 12 чэрвеня, а завершыцца ён днём 14 чэрвеня, пасьля чаго таксама аўтобусамі можна будзе дабрацца да Вільні. Хэдлайнэрамі фэсту сёлета будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швэцыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Нямеччына), Roni Size (Вялікабрытанія), Dilated Peoples (ЗША). Беларусь будуць прадстаўляць гурты «Ляпіс Трубяцкой» і «The Toobes».


Квіток на ўсе дні фэсту на гэты момант каштуе 160 тыс. руб. Пры звароце ў пасольства Літвы да 1 чэрвеня (улучна) беларускім наведвальнікам фэсту даецца бясплатная віза. Набыць квіткі можна па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт www.soundline.by і ў канцэртных касах Менску.

Інфармацыя паводле прэс-рэлізу

16:15, 27/05/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0502 seconds.