8 траўня піцерскі гурт НОМ у Менску з праграмай «Кирпич в живот»
8 траўня ў сталічным клюбе «Fabrique» выступяць карыфэі трэшу — піцерскі гурт «НОМ». Музыкі прадставяць Менску новую канцэртную праграму «Кирпич в живот». Дарэчы, на кружэлках матэрыял выйдзе не раней, чым праз тры месяцы. Абаяльныя рок-правакатары і інфэрнальныя блазны-абсурдысты трымаюцца прынцыпу Чорнай Каралевы з «Алисы в Зазеркалье»: калі бегчы недастаткова хутка, застанесься на месцы.
«Гурт НОМ — адзін з самых яркіх фэномэнаў рок-сцэны 90-х: эксцэнтрычная і шматаблічная, іранічная, падобная то на касьцюмаванае блазнаваньне, то на сход ЖЭС’у." (часопіс «Rolling Stone»)
Самабытная, шматаблічная і якая не паддаецца клясыфікацыі піцерская клюбная каманда «НОМ» дэбютавала ў лютым 1987 і вырасла з кампаніі інжынэраў і студэнтаў, якія захапляліся музыкай, літаратурай і тэатрам. Спачатку яе ўдзельнікі расшыфроўвалі гэтую абрэвіятуру як «неформальное объединение молодежи», іранічна пераасэнсоўваючы тэрмін афіцыёзнай сацыялёгіі; пазьней зьявіліся і іншыя трактоўкі гэтага назову.
Літаратурныя густы «НОМ» былі інсьпіраваныя пярэстым букетам уплываў, а стыль імкнуўся да зьмешваньня прыземленай, адмыслова спрошчанай лексыкі, гратэскавых выяваў гэтакага сучаснага бэстыярыюма, паэтыкі абсурду і брутальнасьці.
Выкарыстоўваючы экстравагантныя псэўданімы, якія сталі, па сутнасьці справы, іх alter ego (Ян Турыст, Хафізула Сагітдулаў, Аляксандр Лівэр, Готфрыд Ульрых Тузэаст і т.п.), яны стварылі галерэю дзіўных пэрсанажаў, якія сышлі ці то са старонак Гофмана, ці то аповядаў Мамлеева або Зошчанкі.
За сваю 22-гадовую гісторыю гурт ужо выпусьціў больш дзесятку студыйных альбомаў, кожны з якіх уяўляў неверагодны сплаў традыцыйнага року, авангарду, замяшаны на рускіх народных традыцыях і абсурдзе ў духу Хармса і Ўвядзенскага.
Папярэдні студыйны альбом НОМу, «Более мощный», выйшаў у 2005-м. Апошнімі працамі калектыву сталі фільм «Фантомас снимает маску» (здымалі яго, дарэчы, у Францыі), саўндтрэк да яго, а таксама DVD «Коричневый век русской литературы».
Цяпер музыкі прыступілі да здымак чарговага кіно-шэдэўру. Завецца ён «Зорны ворс», назоў сам за сябе кажа, гэта будзе вялікая фантастычная эпапэя пра падарожжы па сьветах, плянэтах. Зь вялікім зорным складам. З гульцоў, скажам так, артыстычных музыкаў. Акрамя «НОМ», далі згоду ўдзельнічаць Шнураў, Міхалок з «Ляпіса Трубяцкога», Алег Скрыпка з «ВВ». Такія задумы.
Канцэрт «НОМ» у Менску
- Калі: 8 траўня, 19:00
- З удзелам: Dj Gips
- Дзе: клюб Fabrique (вул. Мясьнікова, 25, 4 паверх)
- Квіткі: 30000 папярэдне / 35000 на ўваходзе
- Даведкі і квіткі: +37529–2783216, +37529–1783216, +37529–1212524