Беларускія рэклямшчыкі адчынілі «Белы квадрат» і «заняліся зьменай сьвету да лепшага»

У Менску праходзіць фэстываль рэклямы «Белы квадрат». Арганізатарам ужо ўдалося сабраць 750 конкурсных прац у 63 намінацыях, а заадно і «рэанімаваць рэклямны рух» Беларусі.


Працы розных рэклямных агенцый. 

У час апагею эканамічнага крызысу, у які паглыбіўся, у тым ліку, і рэклямны сьвет, рэклямшчыкі Беларусі ладзяць маштабны фэст. Тры дні ў адным зь лепшых канфэрэнц-заляў краіны — памяшканьнях Нацыянальнай бібліятэкі — крэатыўшчыкі і дызайнэры з тузіну краін абмяркоўваюць і хваляцца сваімі геніяльнымі ідэямі, а ў пяцізоркавым гатэлі Crowne Plaza Minsk будуць яшчэ й выбіраць лепшы «маладняк» і ўвогуле, «лепшых».


Алена Усьціновіч верыць у «лешпы сьвет». Вядома, праз рэкляму.

Дырэктар фэстывалю Алена Усьціновіч кажа, што сама ідэя фэсту доўга вітала ў «Асацыяцыі рэклямных арганізацый» Беларусі.

«Менавіта зараз правядзеньне гэтага фэсту вельмі значна для рынка. Сытуацыя зараз ня вельмі пасьпяховая і хацелася, каб таленавітыя людзі заставаліся на рэклямным рынку, а не шукалі іншыя магчымасьці для заробку».

Нават атмасфэра фэсту напоўненая рэклямай: у простым і пераносным сэнсе. Дакладней, яна напоўненая рэклямнымі пахамі. Такім чынам арганізатары «рэклямуюць рэкляму», сьцьвярджаючы, што пах зараз адзін з самых сучасных каналаў успрыняцьця рэклямы.

Фэст цікавы ня толькі спэцыялісту ў рэклямным бізнэсе альбо медыя-кампаніях. Зорны склад выступоўцаў на шматлікіх сэмінарах, а таксама прадстаўнікоў журы конкурсаў, прымушае расплянаваць усе тры дні фэсту вельмі шчыльна. Бясконцыя рэклямныя ролікі, прыклады правядзеньня акцый і ўласны досьвед.


Гуру рэклямы прывезьлі ў Менск усё, што напрацавалі за гады дзейнасьці.

Гэта першы год правядзеньня фэсту, але арганізатары спадзяюцца зрабіць яго рэгулярным. Ігар Самкін, дырэктар «Асацыяцыі рэклямных арганізацый», адзначыў:

«Я вельмі рады, што беларускі рэклямны рух рэанімаваны. Такіх фэстаў даўно не было. Дзіўна было ня мець у Беларусі свайго рэклямнага фэсту. Беларускаму рэклямнаму рынку ёсьць што паказаць у сябе дома, тым больш многія працы атрымалі ўзнагароды на фэстывалях у іншых краінах».

Алена Усьціновіч лічыць, што ў беларускай рэкляме вырасла новае пакаленьне маладых таленавітых людзей, якія ня ведаюць, што такое рэклямны фэстываль. Сытуацыяю плянуецца выпраўляць шляхам «конкурсу маладых крэатараў», дзе «маладыя таленты» адразу на фэсьце будуць ствараць рэклямныя творы.

На конкурс у рамках фэстывалю прадставілі кампаніі з 8 краін сьвету. Палова іх — беларускія. Што, як прызналіся арганізатары фэсту, перавысіла «аптымістычныя чаканьні». Хаця падаць працу на конкурс, напрыклад у намінацыі «Медыя-рашэньні для электронных СМІ і кіно», задавальненьне ня таннае: падача адной працы каштавала 70 у.е.

«Мы можам ганарыцца ўзроўнем прац, якія былі пададзеныя на фэст, — кажа спадарыня Усьціновіч. — Рэклямныя ідэі здольныя зьмяніць сьвет да лепшага. Галоўнае, каб была добрая канкурэнцыя».


Фэстываль рэклямы «Белы квадрат» працягнецца да суботы, 18 красавіка ў памяшканьнях Нацыянальнай бібліятэкі.


Аўтар фота Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1915 seconds.